Сумесны праект «Global Reload», задуманы кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і парталам Tuzin.fm, папоўніўся новай песняй. Рок-зорка ўкраінскай паэзіі Сяргей Жадан і харкаўскі ска-панк гурт «Собаки в космосі» пераасэнсавалі па-ўкраінску песню гурта «Мроя». 

Музыкі выбралі знакамітую песню «Рок-музыкант» аўтарства Лявона Вольскага і Ўладзіміра Давыдоўскага. «Я папрасіў калегаў па гурце выбраць штосці, што ім спадабаецца з творчасці «Мроі». Бо «Мрою», N.R.M. ды іншыя праекты Вольскага я слухаю і люблю даўно. Не хацеў нічога навязваць, а хлопцы выбралі вось такую песню, якую захацелі зрабіць па-свойму», – распавядае Сяргей Жадан, які перакладаў вершы Лявона Вольскага для анталогіі беларуска-украінскай паэзіі, а ў 2000 годзе нават зладзіў канцэрт беларускага музыкі ў Харкаве.

Песня «Рок-музыкант» ужо гучыць на выступах гурта «Собаки в космосі» і вельмі добра ўспрымаецца публікаю. Жадан прадстаўляе яе, як «песню мужчын, якія ведаюць, што яны хочуць рабіць і маюць, што адказаць на любыя закіды датычна сваёй жыццёвай пазіцыі». Яна ўвайшла ў праграму «10 праведників», з якой гурт канцэртуе сёлета па Еўропе.

Жадан і «Собаки» працягнулі праект «Global Reload». Яго сэнс у тым, каб музыкі з розных краінаў свету выканалі песні на словы беларускіх паэтаў на сваёй мове. Амерыканец Карл Фрыерсан, вакаліст нямецкай групы De Phazz, заспяваў па-ангельску песню на словы Анатоля Сыса, у выкананні гурта Karpatt з Парыжу ўпершыню па-француску загучаў Уладзімер Караткевіч. А вось лідар «Машины времени» Андрэй Макарэвіч вырашыў заспяваць сваю песьню «Сьнег» па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?