Мінгарвыканкам прыняў рашэнне пра «немэтазгоднасць будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў на тэрыторыі ў межах вуліц Кірава, Свярдлова, Ульянаўскай, Бабруйскай». 

Як паведаміў каардынатар грамадскай кампаніі «Генплан — для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў, пра гэта гаворыцца ў лісце ад 8 верасня за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Віктара Лапцева. Ліст атрыманы ініцыятыўнай групай грамадзян, якая змагаецца супраць ушчыльнення квартала. 

«Аднак, нягледзячы на дасягнуты пазітыўны вынік, мясцовыя жыхары працягваюць рабіць дзеянні, каб у будучыні не было новых спроб ушчыльнення гэтай тэрыторыі», — зазначыў Кобрусеў. 14 верасня ініцыятыўная група накіравала ў Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта зварот з патрабаваннем адмяніць праект дэталёвага планавання (ПДП) у межах вуліц Кірава — Свярдлова — Ульянаўская — Бабруйская, зацверджаны ў 2008 годзе. Менавіта ў ПДП была прадугледжаная магчымасць ушчыльнення квартала. 

У звароце, які падпісалі 265 мясцовых жыхароў, указваецца, што «разліковы тэрмін дзеяння ПДП мінуў і праектныя рашэнні не адпавядаюць горадабудаўнічай дакументацыі вышэйшага ўзроўню». Таксама адзначаецца неабходнасць распрацоўкі новай горадабудаўнічай дакументацыі. «Жыхары разлічваюць, што пры карэкціроўцы ПДП будзе ўлічана іх меркаванне і меркаванне спартыўнай грамадскасці і замест шматпавярховікаў у двары за «Варотамі горада» будзе адкрыта спартыўная школа алімпійскага рэзерву для дзяцей», — зазначыў Кобрусеў. 

«Мы з аптымізмам сустрэлі адказ гарвыканкама пра немэтазгоднасць будаўніцтва дамоў унутры нашага двара. Гэты прыклад дэманструе, што гарадская ўлада прыслухоўваецца да меркавання жыхароў Мінска. Ініцыятыўная група разлічвае на далейшы дыялог з гарадской уладай, паколькі жыхары квартала, якія ўпаўнаважылі яе на тое, патрабуюць не часовага, а пастаяннага рашэння, што датычыцца лёсу земляў і пабудоў, размешчаных у двары квартала», — пракаментаваў прадстаўнік ініцыятыўнай групы Дзмітрый Балаш. 

На яго думку, калі не разгледзець сітуацыю ў комплексе і не вызначыцца з прызначэннем зямлі, занятай старымі гаражамі, інвестар вычакае час і вернецца ў двор ізноў, гісторыя са спробай ушчыльнення паўторыцца. «Жыхары патрабуюць такога рашэння, якое пойдзе на карысць ім, дзяржаве, гарадскому, грамадскаму і экаасяроддзю, не будзе супярэчыць горадабудаўнічым і іншым нарматыўна-прававым актам, вырашыць лёс старых гаражоў», — сказаў актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?