У Японіі прыняты закон, які дазваляе выкарыстоўваць войскі сіл самаабароны краіны за межамі нацыянальнай тэрыторыі. Кітай заявіў, што новы закон пагражае міру ў рэгіёне.

З прыняццем закона японскія ваенныя атрымліваюць права ўдзельнічаць у канфліктах за мяжой. Такая норма з'явілася ўпершыню з 1945 года, пасля капітуляцыі Японіі ў Другой сусветнай вайне.

На думку прэм'ер-міністра Японіі Сіндза Абэ, ініцыяваны ім закон патрэбны, каб мець магчымасць даць адказ на новыя выклікі, у прыватнасці на пагрозу з боку Кітая.

Улады Кітая сцвярджаюць, што імкнуцца развіваць двухбаковыя адносіны ў духу міру, развіцця і супрацоўніцтва. Аднак у апошнія месяцы напружанасць у адносінах паміж Кітаем і Японіяй ўзмацняецца на фоне тэрытарыяльнай спрэчкі за групу выспаў.

Дэманстранты выступілі ў абарону пацыфісцкай канстытуцыі краіны. Фота AP

Дэманстранты выступілі ў абарону пацыфісцкай канстытуцыі краіны. Фота AP

У самой Японіі прыняццю закона папярэднічала больш за 200 гадзін палітычных дэбатаў, а галасаванне было адкладзена на некалькі гадзін з прычыны пратэстаў апазіцыі, якая спрабавала заблакаваць прыняцце закона.

Многія японцы прытрымліваюцца асноў пацыфістской пасляваеннай канстытуцыі краіны, якая забараняла выкарыстанне створаных у 1954 сіл самаабароны за мяжой. Крытыкі сцвярджаюць, што ініцыятыва парушае пацыфісцкую канстытуцыю і можа ўцягнуць Японію ў ваенныя аперацыі яе асноўнага саюзніка — ЗША.

Прыхільнікі ініцыятывы, насупраць, настойваюць, што гэтыя меры жыццёва неабходныя для абароны Японіі і яе рэгіянальных саюзнікаў і дазволяць ажыццяўляць больш шырокія дзеянні па падтрыманні міру на ўсёй планеце.

Асцерагаюцца прынятага ў Японіі закона і ў Паўднёвай Карэі. Сеул таксама мае нявырашаныя тэрытарыяльныя спрэчкі з Токіа.

Да гэтага часу не падпісала мірную дамову з Японіяй і Расія. Токіа выказвае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на выспы Курыльскай грады, якія адышлі Маскве па выніках Другой сусветнай вайны.

Саюзнікі Токіа — ЗША і Вялікабрытанія — ўхвалілі рашэнне японскага парламента. Паводле слоў міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Філіпа Хэманда, ён чакае, што Японія будзе цяпер актыўна удзельнічаць у міратворчых аперацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?