19.09.2015 / 18:25

Сяргей Навумчык: Пра катэдж Гайдукевіча і механізм нацыянальнай здрады — вострая палеміка 30

У рэпартажы Эўрарадыё з катэджу Гайдукевіча той прызнаецца журналісту Зьмітру Лукашуку, што набыў участак з домам у 93-м годзе за 22 тысячы даляраў.

«На маю заўвагу, што 22 тысячы даляраў у 1993 годзе былі вялізнай сумай, — піша Лукашук, — спакойна адказвае, што «ў тыя часы адзін шапік прыносіў за дзень тысячы тры прыбытку, ня тое што цяпер, таму не такая гэта і вялікая сума».

22 тысячы даляраў у 1993 годзе не былі ні вялікай, ні нават вялізнай сумай. У той час яны былі сумай калясальнай.

Калі я падзяліўся сваімі сумненьнямі ў фэйсбуку, атрымаў камэнтар: «Поўнасьцю з вамі згодны, бо ў мяне быў заробак $23 й працаваў я на «Інтэграле» інжынэрам, а заробкі там былі не на апошнім месцы й сума ў $22 тыс. выглядала касьмічнаю». У лістападзе 1992-га ў знак пратэсту супраць забароны Вярхоўным Саветам ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах я сышоў з пасады сакратара парлямэнцкай камісіі па СМІ і правах чалавека (першая добраахвотная палітычная адстаўка ў новай Беларусі). На той момант мая зарплата была аж 40 даляраў. Пасада сакратара камісіі па зарплаце прыраўноўвалася да міністэрскай, такім чынам, у міністра былі тыя ж 40 даляраў. Потым заробак крыху паднялі, але не нашмат —

у тым жа 1993 старшыня ВС Шушкевіч атрымліваў у эквіваленце 80 даляраў, старшыня Саўміну Кебіч — афіцыйна — крыху меней.

У 1993 годзе Гайдукевіч працаваў в.а начальніка Ўпраўленьня пры Савеце Міністраў па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, асобаў шараговага і кіроўнага складу органаў унутраных спраў, вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас у (адстаўку) і членаў іх сем’яў. Пасада прыраўноўвалася, у лепшым выпадку, да намесьніка міністра.

(У дужках заўважу, што гэта афіцыйная пасада, рэальна ж Гайдукевіч узначальваў пракебічаўскае «Народное движение Беларуси», якое было створана для супрацьстаяньня з БНФ і выступала за аб’яднаньне Беларусі і Расеі. Шматлікія выступы Гайдукевіча ў дзяржаўных СМІ вызначаліся агрэсіўным непрыманьнем Незалежнасьці, нацыянальнага Адраджэньня, беларускай мовы, дэмакратычных каштоўнасьцяў.)

Натуральна, зарплата в.а. начальніка ўпраўленьня пры Савеце Міністраў ніяк не магла быць большай за заробак старшыні Савету Міністраў.

Дарэчы, ніякі шапік у 1993 годзе пры сярэднім заробку ў 20 даляраў не «прыносіў за дзень тысячы 3 прыбытку». Да нас пастаянна зьвярталіся прадпрымальнікі са скаргамі на бюракратычны ціск, таму я магу ўявіць іх даход — добра калі ён быў ў паўтысячы тых даляраў за месяц.

Увогуле, ці разумее Гайдукевіч, пра што сьведчаць ягоныя словы пра шапікі? Дзяржчыноўнікам было забаронена займацца камэрцыйнай дзейнасьцю.

Канечне, шапікі тут ні пры чым. А вось удзел у «карупцыйных схемах» — рээкспарце нафты, каляровых мэталаў і г.д. — даваў сапраўды гіганцкі прыбытак. 

Памятаю, неяк я прывёў да аднаго з намесьнікаў Кебіча старшыню Чыгуначнага райвыканкаму Віцебска (там была мая выбарчая акруга, а дэпутатаў ВС прапускалі без чаргі), каб «выбіць» каналізацыйныя трубы. Пытаньне вырашылася за тры хвіліны. «Ты ведаеш, колькі бізнэсоўцы плацяць за уваход у такія кабінэты? — спытаў мяне старшыня райвыканкаму. — Стаўка пачынаецца ад трох тысяч даляраў».

Гэта Васілю Быкаву Лявон Баршчэўскі завозіў мех бульбы, бо не хапала пэнсіі, гэта Зянон Пазьняк атрымліваў 20 даляраў ў сваім Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук і на сэсію ВС езьдзіў на тралейбусе, а некаторыя актыўна скалачвалі падмурак цяперашніх холдынгаў і карпарацый.

Пачытайце прызнаньні цяперашніх «генэралаў бізнэсу», якім ў 90-х было 20—30 гадоў. Давалі хабары і тым самым, так ці інакш, умацоўвалі карупцыйную сыстэму, якая не дазволіла Беларусі стаць на дэмакратычны, эўрапейскі шлях. І якая, зь невялікімі пэрсанальнымі пературбацыямі, у 1994 перайшла пад Лукашэнку. 

Зрэшты, пра гэты мэханізм нацыянальнай здрады Беларускі Народны Фронт казаў і тады.

«Дамінуючым стаў працэс пераразьмеркаваньня дзяржаўнай уласнасьці і фінансаў у прыватную ўласнасьць намэнклятуры. Для гэтага адпаведным чынам напісаны законы, прыняты шэраг падзаконных актаў, якія адчынілі дарогу неправавому, але «законнаму» рабаўніцтву дзяржаўнай маёмасьці, хабарніцтву і карупцыі. Усё гэта адначасна зь безагляднай палітыкай стрымліваньня і недапушчэньня рынкавых рэформаў… прывяло да стварэньня на Беларусі асноваў намэнклятурна-мафіёзнай дзяржавы з тыповай для яе канцэнтрацыяй багацьцяў у руках вузкага кола каляўладных асобаў, манапалізмам і імкненьнем да таталітарных формаў дзяржаўнага кіраваньня, што выявілася ў плянах стварэньня «прэзыдэнцкай дыктатуры».

Гэта цытата з прамовы старшыні БНФ Зянона Пазьняка на III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. 6 ліпеня, той самы 1993 год.

0
Чорная магiя? / Адказаць
19.09.2015 / 18:42
Калi гэтыя пацешныя зададуць пытанне праваслаунаму атэiсту: Навошта ён праводзiць на малой радзiме дзiуныя сеансы водахрошчання, дзеля чаго з усё Беларусi звозяць iконы. Праввслауная секта у нас аддзелена ад дзяржавы, альбо не?
0
Вольга / Адказаць
19.09.2015 / 18:48
Сяргей, Вы ж самі ведаеце, Вам трэба выказвацца часьцей і шырэй. Знаем мы цану гэтым гадукевічам, дакладней, якая за іх заплачаная, але нагадваць і расказваць неабходна!
0
Менск / Адказаць
19.09.2015 / 18:56
Таварыш Гайдукевiч , як вядома адсудзіу у Народнай Волi 45 000$.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру