Сярэдні памер дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў ліпені склаў 230,2 тысячы рублёў, або 14,6% ад бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Пра гэта паведамляе Нацбанк. У пераліку па сярэднеўзважаным курсе дапамога ледзь-ледзь перавышае 15 даляраў.

За месяц дапамога па беспрацоўі вырасла на 2600 рублёў. Нагадаем, у чэрвені дапамога склала 227,6 тысячы рублёў, або 14,5% ад бюджэту пражытачнага мінімуму. У параўнанні з маем непрацаўладкаваныя беларусы сталі атрымліваць амаль на 1300 рублёў меней. Больш за ўсё беспрацоўныя атрымлівалі ў чэрвені ў Гомельскай вобласці — 249,6 тысячы рублёў, менш за ўсё - у Мінску (194,7 тысячы).

Да прыкладу, у Магілёўскай вобласці ў ліпені дапамогу па беспрацоўі атрымлівалі 2,4 тысячы беспрацоўных, яе сярэдні памер склаў 217,9 тысячы рублёў.

Беларуская дапамога па беспрацоўі істотна саступае выплатам непрацаўладкаваных у іншых краінах. Напрыклад, ва Украіне сярэдня дапамога ў чэрвені склала 868 тысяч рублёў (усе сумы ў тэксце прыведзеныя ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на 31 ліпеня). У Расіі выплаты беспрацоўным вар'іруюцца ад 219 тысяч да 1,3 мільёна рублёў.

Яшчэ ў адной краіне Мытнага саюза — Казахстане — сярэдні памер дапамогі складае 2,2 мільёна рублёў. Пры стажы больш за 24 месяцы беспрацоўны можа атрымліваць матэрыяльную дапамогу на працягу 4 месяцаў, а калі стаж меншы — 2-3 месяцы.

Польскія беспрацоўныя атрымліваюць 3,3 мільёна рублёў на працягу першых 90 дзён пасля рэгістрацыі ў цэнтры занятасці, а ў далейшым — 2,7 мільёна.

Тым часам Мінпрацы прагназуе, што ўзровень беспрацоўя за пяцігодку можа падвоіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?