У Міністэрства юстыцыі пададзены дакументы на рэгістрацыю Праваабаронча‑асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду». Гэта ўжо трэцяя спроба рэгістрацыі аб’яднання.

Рашэнне аб стварэнні аб’яднання было прынятае на Ўстаноўчай Канферэнцыі 11 лютага ў Магілёве. У якасці заснавальнікаў арганізацыі прысутнічала 72 чалавекі з усіх рэгіёнаў Беларусі. На канферэнцыі быў прыняты статут, абраныя кіруючыя органы і рэвізійная камісія. У Статуце грамадскага аб’яднання пазначана, што «Рух «За Свабоду» будзе займацца абаронай грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў у Беларусі, асветай грамадзянаў. Кіраўніком ПАГА «Рух «За Свабоду» абраны Аляксандр Мілінкевіч. Намеснікамі кіраўніка сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч. У Раду грамадскага аб’яднання ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.

Удзельнікі ўстаноўчага сходу вырашылі, што галоўнымі кірункамі дзейнасці арганізацыі з’яўляецца абарона правоў і свабодаў грамадзян, удзел у пабудове грамадзянскай супольнасці, садзейнічанне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту, стварэнне ўмоваў для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.

Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі двойчы адмовіла ў рэгістрацыі Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду». Вярхоўны Суд пакідаў скаргі заснавальнікаў Руху на рашэнні Міністэрства юстыцыі без задавальнення.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0