Вядомы беларускі спартыўны журналіст Сяргей Новікаў даў вялікае інтэрв'ю Tribuna.com. У ім закраналіся пытанні не толькі спорту.

Tribuna.com

Tribuna.com

— Што вам не падабаецца ў сучаснай Беларусі?

— Мне не падабаецца, што гэтай краінай кіруюць троечнікі. Я вучыўся па пяцібальнай сістэме. І большасць у нашых школах, як правіла, фармавалі троечнікі. Такая шэрая маса людзей, якія мала хочуць і ў сілу гэтага не на многае здольныя, якія гатовыя мірыцца з мінімумам, для якіх галоўнае, каб вакол не адбывалася ўзрушэнняў і рэвалюцый, ну, і якія па гэтай прычыне заражаныя вірусам нейкага прыстасаванства, крывадушнасці, мімікрыі да навакольнага асяроддзя і бесканфліктнасці. Так што цяпер мы жывём у краіне, дзе ва ўладзе стаяць троечнікі. Яны задаюць тон усяму. Эканоміцы, грамадскай думцы, інфармацыйнай палітыцы, мастацтву і культуры. Ну, і спорту.

У прынцыпе, я шкадую, што найлепшыя гады майго жыцця прайшлі ў такім вось навакольным асяроддзі. Ужо, напэўна, можна казаць пра нейкае падвядзенне вынікаў. І так, трэба прызнаць такую сумную акалічнасць. Гэты час хацелася правесці ў значна больш цікавай абстаноўцы і, адпаведна, зрабіць значна больш цікавага.

І цяпер у мяне ёсць гарачае жаданне, каб усё памянялася. Каб мае дачка і ўнучка, якой пайшоў ужо пяты месяц, дачакаліся іншай абстаноўкі. Каб гэтая абстаноўка паўстала менавіта ў нашай краіне, а не якой-небудзь іншай.

— І як да яе прыйсці?

— А ніяк — трэба верыць і чакаць. Разумееш, кожны па-рознаму адказвае на пытанне пра змены. Хтосьці выходзіць на плошчу, аблівае сябе бензінам і згарае ў гэтым полымі. Яго выбар. Ён герой. Хтосьці лезе на барыкады, з якіх не злазіць вось ужо 20 гадоў, і кліча туды іншых. У чымсьці паспяхова, у чымсьці беспаспяхова. Праўда, калі за 20 гадоў на барыкадах ты нічога не выйграў, напэўна, ты дрэнны барыкадчык.

Ну, а хтосьці прытрымліваецца тэорыі малых спраў. Лічыць патрэбным пры наяўнасці магчымасці гаварыць з людзьмі на нармальнай мове, укараняць у іх галовы разумныя думкі, арыентаваць іх на разумныя думкі іншых, падказваць ім, што карысна даведацца, прачытаць, убачыць, каб стаць лепшым. Гэта доўгі шлях. Але гэта найбольш фундаментальны шлях назапашвання крытычнай масы інтэлекту, які рана ці позна пачынае дамінаваць над светам троечнікаў і дыктаваць яму свой прыярытэт. У прынцыпе, вось так можна дачакацца пераменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0