Дасьледніцкі цэнтар Brookings Institution апублікаваў «Рэйтынг слабасьці дзяржаў». У ягоных рамках была ацэненая 141 дзяржава сьвету. Аэнкі праводзіліся на аснове чатырох галоўных індыкатараў: сытуацыі ў эканоміцы, палітыцы, бясьпецы й сацыяльнай сфэры.

Пры ацэнцы сытуацыі ў эканоміцы ўлічваліся такія паказьнікі, як тэмпы росту нацыянальных эканомік, доля валавага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва, тэмпы інфляцыі, разрыў у даходах між багатымі й беднымі, а таксама якасьць дзяржаўнага кіраваньня.

Пры ацэнках палітычнай сытуацыі — эфэктыўнасьць працы ўладаў, ступень вяршынства закону, адкрытасьць і падсправаздачнасьць уладаў, ступень кантролю за карупцыяй і ўзровень асабістай свабоды.

Пры ацэнках сфэры бясьпекі браўся да ўвагі ўзровень палітычнай стабільнасьці, наяўнасьць або адсутнасьць унутраных канфліктаў, частата й інтэнсіўнасьць парушэньняў правоў чалавека і інш.

Сацыяльная сфэра аналізавалася на падставе такіх паказьнікаў, як узровень дзіцячай сьмяротнасьці, даступнасьць адукацыі, чаканая працягласьць жыцьця, доступ насельніцтва да водаправоду й каналізацыі ды інш. Гэтыя паказьнікі выбіраліся з спэцыялізаваных справаздач розных структураў ААН і вядомых дасьледніцкіх арганізацый.

У першую дзясятку найбольш слабых дзяржаў трапілі:

  • Самалі,
  • Афганістан,
  • Конга,
  • Ірак,
  • Бурундзі,
  • Судан,
  • Цэнтральна‑афрыканская Рэспубліка,
  • Зымбабвэ,
  • Лібэрыя й
  • Кот Д’Івуар.

З краінаў былога СССР найгоршая сытуацыя склалася ў Туркмэністане й Узбэкістане, якія занялі адпаведна 35‑е і 36‑е месцы.

  • Таджыкістан апынуўся на 42‑й пазыцыі,
  • Расея — на 65‑й,
  • Кыргызстан — на 73‑й,
  • Азэрбайджан — на 80‑й,
  • Беларусь — на 81‑й,
  • Малдова — на 88‑й,
  • Казахстан — на 89‑й,
  • Грузія — на 90‑й,
  • Армэнія — на 105‑й
  • Украіна — на 107‑й,
  • Латвія — на 136‑й,
  • Літва — на 138‑й.

Для параўнаньня,

  • Пакістан апынуўся на 33‑м месцы,
  • Усходні Тымор — на 43‑м,
  • Кенія — на 50‑м,
  • Альжыр — на 57‑м,
  • Сырыя — на 59‑м,
  • Куба — на 62‑м,
  • Іран — на 66‑м,
  • Індыя — на 67‑м,
  • Кітай — на 74‑м,
  • Віетнам — на 83‑м,
  • Лібія — на 86‑м,
  • Турцыя — на 98‑м,
  • Лібан — на 93‑м,
  • Сэрбія — на 108‑м,
  • Аргентына — на 115‑м,
  • Польшча — на 135‑м.

Рэйтынг замкнулі (то бо гэтыя краіны ёсьць найбольш устойлівымі) Славакія, Вугоршчна й Чылі.

У цэлым, аўтары рэйтынгу разьнесьлі дзяржавы па пяці асноўных катэгорыях:

  • «збанктуртаваныя дзяржавы» (напрыкалад, Афганістан, Самалі, Конга),
  • «крытычна слабыя дзяржавы» (Ірак, Паўночная Карэя, шэраг краін Цэнтральнай Афрыкі)»,
  • «слабыя дзяржавы» (у гэтую групу трапілі Туркмэністан, Узбэкістан і Таджыкістан поруч з Пакістанам, Вэнэсуэлай, Камбоджай, Ляосам, Мазамбікам і інш.).
  • У чацьвёртую групу — дзяржавы, якяі патрабуюць увагі, — унесеныя Беларусь, Расея, Кыргызстан і Азэрбайджан, разам з Кітаем, Індыяй, Інданэзіяй, Намібіяй, Эгіптам, Калюмбіяй ды інш.
  • Пятая група аб’ядноўвае дастаткова моцныя і ўстойлівыя дзяржавы — у яе занесеныя Малдова, Казахстан, Грузія, Армэнія, Украіна, Латвія й Літва.

Паводле «Washington Profile»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0