У чацвер 13 сакавіка а 18.30 уладальнік літаратурнай прэміі «Залатая Літара» — 2008 журналіст Севярын Квяткоўскі прэзентуе ў Гродна сваю кнігу «Фрашкі да пляшкі». Пасля прэзентацыі адбудзецца выступ барда Змітра Бартосіка.

Пачатак прэзентацыі кнігі «Фрашкі да пляшкі»: чацвер, 13 сакавіка, 18.30, Гродна, Будзённага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы).

Уваход вольны, запрашаем.

Зборнік «Фрашкі да пляшкі» — гэта Адамовіч, Анемпадыстаў, Арлоў, Бабкоў, Бартосік, Ваньковіч, Камоцкая, Канавальчык, Кашкурэвіч, Корань, Куллінковіч, Пазьняк, Пушкін, Севярынец, Скарына, Сыс, Шушкевіч, а таксама: землякі, зямлянкі, выкладчыкі БДУ, мянты, псіхі, работнікі СМІ, пенсіянеркі, бізнэсоўцы, прадавачкі, мытнікі, памежнікі, таксісты, бэпээсэмаўцы, эмігранты, палякі, украінцы, латышы, шатландцы, габрэі, літоўцы, расейцы, мастакі, музыкі, барды, тэатралы, кулінары, студэнты і, вядома ж, дзеці.

«Гэта альтэрнатыўная гісторыя найноўшай Беларусі, распаведзеная за сяброўскай бяседай», — так паўжартам тлумачыў аўтар знаёмым, якія пыталіся, пра што кніжка. А дакладней, гэта невялікія фрагменты гісторыяў канкрэтных людзей. Большасць сабраных тут фрашак звязаныя з выпіўкай. Але кніжка не ёсць одай Бахусу. Гісторыі, распаведзеныя ў фрашках, не пра алкаголь, а пра людзей. Аўтар малюе карціну жыцця беларусаў новай эпохі — эпохі Незалежнасці.

Смешныя па форме, фрашкі — анекдоты з жыцця — закранаюць сур’ёзныя тэмы ўзаемадачынення творцы і ўлады, паўстання беларускай мовы як элітарнай, а не калхознай, з’яўлення новай генерацыі, для якой ідэя беларушчыны – не лубок, а спосаб самаідэнтыфікацыі ў прасторы і часе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0