Мікола Статкевіч не мае намеру ісці 22 верасня ў суд, дзе будзе разглядацца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеным у дачыненні да былога палітвязня 10 верасня за арганізацыю несанкцыянаванага пікета каля сталічнага ГУМа.

Пра гэта Статкевіч паведаміў БелаПАН 21 верасня па дарозе з нацыянальнага аэрапорта Мінск.

«Еду з аэрапорта і атрымліваю СМС на тэлефон, што суд Цэнтральнага раёна Мінска запрашае мяне ўжо заўтра ў дзесяць гадзін раніцы на працэс з нагоды пратаколу, складзенага на мяне 10 верасня, — сказаў Статкевіч. — Там няма ні зваротнага тэлефона, нічога. Падумаў, хакеры нейкія. Праз гадзіну атрымаў званок на мабільны тэлефон, пачынаюць казаць тое ж самае. Я кажу, што не ведаю, хто вы такі, чаго я туды пайду, тым больш што і мой адвакат на гэтым тыдні заняты. Да таго ж, па законе, і тэрміны ўстаноўленыя, за колькі дзён трэба запрашаць у суд. Я сказаў, што не прыйду, дасылайце позву. Кажуць, што даслалі, але я яе не атрымліваў».

На думку Статкевіча, яго выклік у суд «задуманы, каб напалохаць людзей, якія збіраюцца прыйсці 23 верасня на плошчу Свабоды на сустрэчу выбаршчыкаў». «Відаць, яны баяцца, што ўзровень страху ў грамадстве памяншаецца, што прыйдзе шмат людзей. Таму яны вырашылі спалохаць, але не мяне, а людзей. Я не баюся, і вы не бойцеся, колькі можна баяцца? Без страху жыць нашмат здаравей і прыемней. Смешна спалохаць мяне, пасля ўсяго таго, што было. Я нядаўна палічыў, што правёў сем гадоў разнастайных відаў абмежаванняў, пачынаючы ад адміністрацыйных», — сказаў палітык.

Позва на 22 верасня прыйшла яшчэ аднаму ўдзельніку пікету 10 верасня — лідару аргкамітэта па стварэнні грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзіміру Някляеву. Аднак, паводле звестак БелаПАН, Някляева выклікаюць да 11.00 не ў суд, а ва ўпраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінска. Ці пойдзе ён туды, пакуль невядома.

Варта адзначыць, што абодва палітыкі толькі сёння ўвечары вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?