Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў патрабуе ўлічыць недахопы, якія выяўляліся пры падрыхтоўцы да ацяпляльных сезонаў мінулых гадоў. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, на якім разглядалася падрыхтоўка да работы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гадоў.
«Пытанне сезоннае, але яго важнасць ад гэтага не змяншаецца, неабходнасць яго разгляду відавочная. Думаю, няма неабходнасці гаварыць аб тым, што зіма прыйдзе, і да яе трэба быць гатовымі, аб тым, што з году ў год мы праводзім пэўныя мерапрыемствы. Тым не менш, недахопы ёсць, яны зафіксаваны. На жаль, многія з іх паўтараюцца з году ў год. Хацелася б пачуць, як мы будзем пераадольваць такую прывычку», - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка ў сваім дакладзе канстатаваў, што мерапрыемствы па падрыхтоўцы да работы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гадоў у цэлым выконваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны, завяршыць іх плануецца да 1 кастрычніка.