Антэ Гатовіна

У аўторак у Гаазе пачаўся працэс над трыма генэраламі-харватамі, якіх абвінавачваюць у ваенных злачынствах супраць сербскага насельніцтва Харватыі. Аднаго зь іх, генэрала Антэ Гатовіну, многія ў Харватыі ўважаюць за нацыянальнага героя.

Перад Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі -- Антэ Гатовіна, Іван Чэрмак і Младэн Маркач.

Яны адмаўляюць абвінавачваньні ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці. Інкрымінаваныя ім злачынствы адносяцца да падзей 1995 г., калі харваты пачалі наступ у Сербскай Краіне, на ўсходзе Харватыі, пад кодавай назвай "апэрацыя Шторм", што прывяло да выгнаньня з гэтай вобласьці 200 тысяч этнічных сербаў.

Паводле абвінаваўчага акту 2001 г. харвацкім генэралам ставіцца ў віну плянаваньне этнічных чыстак, скіраваных супраць сербскага насельніцтва самаабвешчанай рэспублікі Сербская Краіна.

Герой? Злачынца?

Асабіста Антэ Гатовіна ставіцца ў віну забойства 150 этнічных сербаў, ганеньні па этнічнай прыкмеце і дэпартацыя тысяч сербаў. Ён стаў адным з самых вядомых падсудных Гаагскага трыбуналу.

З 2001 г., калі трыбунал абвясьціў харвацкага героя ў вышук, Гатовіна хаваўся. Ён быў арыштаваны ў гатэлі на Канарскіх выспах у 2005 г., што выклікала бурныя пратэсты ў Харватыі.

Як паведамляе карэспандэнт Бі-Бі-Сі, у першыя некалькі дзён харвацкае тэлебачаньне будзе трансьляваць працэс над Гатовінай у жывым этэры.

Адвакат адстаўнога генэрала кажа, што Гатовіна спыніў войны ў Харватыі і Босьніі і ваяваў супраць сербскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога шмат хто лічыў вінаватым у ваенных злачынствах.

У суд над харвацкімі генэралам выклікана больш чым 130 сьведкаў.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0