Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» працягвае шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 90‑годдзю БНР і Году беларускай дзяржаўнасці. Запрашаем усіх ахвотных далучацца да супольнага святкавання — наведаць мерапрыемствы ў вашым горадзе. Надалей будзем рэгулярна інфармаваць пра бліжэйшыя планы.

12 сакавіка ў Слуцку і Салігорску пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Алесь Пашкевіч праводзяць сустрэчы са сваімі чытачамі. Адбудзецца прэзентацыя кнігі «Імёны свабоды» і рамана‑дакумента, прысвечанага Слуцкаму паўстанню, «Пляц волі».

Упершыню ў гэтых гарадах адбудзецца прэзентацыя кнігі «Дарога» старшыні Рады БНР, слыннай дзеячкі беларусай дыяспары Івонкі Сурвіллы.

Слуцк: 12 сакавіка а 17 гадзіне, каард. Курыльчык Мікола (тэл.маб.: (029) 657 90 45).

Салігорск: 12 сакавіка а 19 гадзіне, каард. Шыла Іван (тэл.маб.: (029) 370 02 04).

Запланавана сустрэча пісьменнікаў і з жыхарамі горада Мазыра на 15 сакавіка (падрабязнасці будуць дадаткова).

— Яшчэ адна літаратурная сустрэча з чытачамі адбудзецца 20 сакавіка ў Маладэчна. Вольга Іпатава падчас сутрэчы прэзентуе кнігу, якую выдала МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», — «Мы стваралі сваю Беларусь» Вольгі Грыцук. В. Іпатава з’яўляецца ўкладальніцай гэтай кнігі.

13 сакавіка, у чацвер, у Гародні ў 18.30 бард Зміцер Бартосік прэзэнтуе сваю праграму прысвечаную 90‑годддзю БНР. Слухачамі новай праграмы ўжо былі палачане і салігорцы. Новая праграма — гэта вядомыя ўсім вершы Акуджавы, Вярцінскага, Высоцкага ў перакладзе на беларускую мову.

Напачатку канцэрта адбудзецца прэзентацыя кнігі журналіста Севярына Квяткоўскага «Фрашкі да пляшкі». «Фрашкі да пляшкі» — зборнік кароткіх гісторый з жыцця вядомых беларускіх палітыкаў, музыкантаў, літаратараў, мастакоў, журналістаў, а таксама паспалітых людзей: выкладчыкаў, міліцыянераў, рабочых…

Імпрэза адбудзецца: Гродна, вул. Будзёнага, 48а‑44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы).

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0