Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

За паўмесяца да прэзідэнцкіх выбараў — 2010 некалькі тысяч дэлегатаў сабраліся ў Палацы рэспублікі на так званы Усебеларускі народны сход. На гэтым хурале ўхвалілі вынікі папярэдняй пяцігодкі, а таксама прынялі праграму развіцця краіны на 2011—2015 гады. Гэты дакумент у 2011 годзе быў прыняты ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Сёлета пра рэспубліканскі сход узору тых, што адбыліся ў 1996, 2001, 2006 і 2010, пакуль не чуваць. Аднак хто тады падсумуе, ці ўдалося выканаць план?

«Наша Ніва» вычленіла з дакумента асноўныя абяцанні, якія былі дадзеныя народу.

1. Рост дабрабыту

План: рост ад $500.

Рэальнасць: падзенне да $400.

Паводле прынятай праграмы, яе галоўнай мэтай з’яўляецца «рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоваў жыцця насельніцтва». Самы просты індыкатар, які тлумачыць, наколькі багата жывуць беларусы, — сярэдняя зарплата.

У лістападзе 2010 года, перад выбарамі, заробак складаў $472.

Пяць гадоў развіцця пайшлі ўхаластую. Сярэдні заробак у жніўні 2015 года складаў $427. Аднак пасля жнівеньскай-вераснёвай плаўнай дэвальвацыі лічба апусцілася ніжэй за $400. Гэта адзін з найгоршых вынікаў у Еўропе. Горшыя паказчыкі толькі ва Украіне і Малдове. Нават албанцы багацейшыя за беларусаў!

2. Патэнцыял чалавечага развіцця

План: увайсці ў 50 найлепшых краін па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу.

Рэальнасць: 53-е месца ў рэйтынгу.

Чыноўнікі спадзяваліся ўзняцца яшчэ ў адным сусветным рэйтынгу. У ім па складаных формулах вылічваецца ўзровень дабрабыту. Улічваецца сярэдняя працягласць жыцця, працягласць адукацыі, а таксама валавы нацыянальны даход у пераліку на чалавека.

Беларусь узнялася з 61-га на 53-е месца. Гэта вышэй за Расію і Украіну, але ніжэй за краіны-суседкі, якія ўвайшлі ў склад Еўрасаюза. Неаспрэчныя лідары рэйтынгу — нарвежцы.

3. Рост ВУП

План: рост на 62—68% у параўнанні з 2010.

Рэальнасць: рост на 7% у параўнанні з 2010.

Гэты паказчык урад лічыў, бадай, самым галоўным. Але ўсё адразу пайшло не так, як трэба…

За 2010—2014 ВУП вырас на 10%, а сёлета нават стаў адмоўным (прагноз дае каля мінус 2,8% за год). Пад ціскам фінансістаў прамыславікі вымушаныя адступіць. За прыгожымі лічбамі ВУП больш не гоняцца, імкнучыся спачатку даць рады інфляцыі.

4. ВУП на чалавека па парытэце пакупніцкай здольнасці

План: рост да $28600 — $29800.

Рэальнасць: $18160.

Калі б лукашэнкаўская эканоміка сапраўды запрацавала паводле гэтага плана, Беларусь дагнала б братоў-славян Чэхіі. Але казкі рэдка спраўджваюцца.

Беларусь засталася ў сёмым дзясятку краін свету. Суседзі ў рэйтынгу — Ліван і Маўрыкій.

5. Сальда замежнага гандлю

План: плюс $500 мільёнаў у 2015.

Рэальнасць: мінус $4,4 мільярда ў 2014; мінус 1,3 мільярда за студзень-ліпень 2015.

За пяцігодку сальда замежнага гандлю склала каля мінус $20 мільярдаў. Страты кампенсаваліся замежнымі крэдытамі. Аднак часам не хапае і іх, і таму нацыянальныя рэзервы таксама ўпалі.

6. Узровень золатавалютных рэзерваў

План: больш за 3 месяцы імпарту.

Рэальнасць: 1,8 месяца імпарту.

Штомесяц Беларусь закупляе імпарту на $2,5 мільярда. Падушка бяспекі мусіць быць утрая большай. Аднак пакуль што Нацбанк адклаў толькі $4,6 мільярда — гэтага хопіць менш чым на два месяцы.

7. Свабода прадпрымальніцтва і рэйтынг вядзення бізнэсу

План: увайсці ў 30 найлепшых краін для вядзення бізнэсу і прыцягвання замежных інвестыцый.

Рэальнасць: 57-е месца ў рэйтынгу.

Высілкі ўладаў не далі плёну. Беларусь застаецца ў шостым дзясятку краін у рэйтынгу Doing Business. Часткова чыноўнікам перашкодзілі змены ў методыцы падліку. Але факт застаецца фактам — сусветныя карпарацыі так і не прынеслі свае грошы ў краіну.

За ўвесь мінулы год прамыя замежныя інвестыцыі (без уліку запазычанасці за працу і паслугі) не дацягнулі нават да $2 мільярдаў.

8. Будаўніцтва жылля

План: 9,5—10 мільёнаў квадратных метраў.

Рэальнасць: 4 мільёны квадратных метраў (прагноз 2015).

Шматлікія крызісы прымусілі дзяржаву перагледзець планы будаўніцтва, скарачаючы іх год за годам. Ільготнае крэдытаванне ў сферы нерухомасці фактычна згорнута. Выключэнне застаецца толькі для шматдзетных сем’яў і сілавікоў.

9. Чаканая працягласць жыцця

План: 72—73 гады.

Рэальнасць: 73 гады.

Гэта адзін з нямногіх паказчыкаў, які аказаўся выкананым. Пры гэтым гендарны перакос захоўваецца: мужчыны цяпер дажываюць да 68 гадоў, а жанчыны — амаль да 79 гадоў. Людзі сталі жыць даўжэй, бо лепшымі сталі харчаванне і медыцына.

10. Стабільнасць беларускага рубля

Лічба пяцігодкі: 5,8 раза — у столькі абясцэніўся беларускі рубель да даляра з дня папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў.

Інфляцыйная мадэль развіцця не дазваляе эканоміцы выйсці з дэвальвацыйнай спіралі. Не было ніводнага года, калі цэны выраслі менш чым на 15%. А дэвальвацыя 2011 года ўвогуле стала рэкорднай у Еўропе.

Што ўдалося

1. Паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі

Упершыню з 1994 года колькасць насельніцтва Беларусі стала павялічвацца, хай і перадусім за кошт мігрантаў.

2. Павелічэнне экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі

Мяркуецца, што сёлета ўдасца дасягнуць $7 мільярдаў, як і было запланавана ў праграме пяцігодкі. Вырашальнаму скачку дапамагло эмбарга на пастаўку ў Расію еўрапейскіх тавараў.

3. Якасная сувязь і інтэрнэт

Беларусь перайшла да лічбавай перадачы тэлевізійнага сігналу, інтэрнэт і мабільная сувязь павялічваюць хуткасці, але застаюцца даступнымі па цане.

Хто вінаваты?

У сёлетняй перадвыбарнай праграме Лукашэнка прызнае, што папярэдні план не быў выкананы, і называюцца вінаватыя ў гэтым. Паводле фармулёвак, прычына выключна ў знешніх фактарах:

«Пяць гадоў таму мы ставілі перад сабой вялікія задачы ў эканоміцы. Скажу проста і шчыра: не ўсё з таго, што задумвалася, удалося выканаць. Мы ў поўнай меры адчулі жорсткую ўзаемазалежнасць сучаснай глабальнай эканомікі. Не мы правакавалі сусветны эканамічны крызіс. Не мы распальвалі ваенныя канфлікты. Не мы раскручвалі спіраль узаемных санкцый. Але ўсё гэта ўдарыла па нас, ударыла балюча і нечакана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?