Прачытаў сёння ў аднаго чалавека добрай волі каментар у стылі «Усё, на што здольная наша «апазіцыя» — гэта фотажабы» і абліўся горкаю слязою. Як жа мяне замілоўваюць, здаецца, недурныя людзі, якія білет не набывалі, але чакаюць пуцёвачку на Гаваі ці хаця бы двухкасетны магнітафон ад чарговай камуляцыі спортлато. «Ну вот мы и приехали, — здравствуйте, девочки».

Як па турмах хадзіць — дык гэта няхай Статкевіч, Саннікаў, Міхалевіч, Лябедзька, Севярынец і Дашкевіч. А як на дурняк воцат пахлябаць — дык нас паклічце. Пры гэтым, каб не было сумна, можаце нас пакуль пазабаўляць, заваяваць нашую лаяльнасць і сімпатыю. І тады мы абяцаем падумаць, за каго аддаць свой голас. Дык вось, шаноўны электараце, у сітуацыі, калі выбараў няма, свой голас можаш дэманстраваць ласям у Белавежскай пушчы ці на шоу «Голос России» в прайм­тайм на первом­втором­третьем и компоте.

Вынікаў ад беларускіх палітыкаў, якія дзейнічаюць пад ярмом дыктатуры, можа дамагацца той, хто ў гэтых людзей інвеставаў.

Пакуль мы­беларусы­мірныя­людзі (патрэбнае падкрэсліць) самі не пачнём інвеставаць у беларускую справу альбо свае грошы, альбо свой час, альбо здароўе ці іншыя intangible assets, не будзе ніякай беларускай палітыкі і паўнавартасных адносінаў выбарцаў з палітыкамі.

Без інвестыцый не можа быць ніякіх дывідэндаў. Болей за тое, інвестыцыі бываюць цалкам стратнымі — welcome to the real world of capital loss and gain. А пакуль на самы пачатак, купіце сабе пару-­тройку акцыяў ААТ «Апазіцыя», каб потым дапамагацца ад яе менеджараў выніковай справаздачы за папярэдні інвестыцыйны перыяд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?