23 верасня ў Мінску, у офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), адбылася сустрэча прадстаўнікоў палітычных і грамадска-палітычных арганізацый для выпрацоўкі агульнай пазіцыі па пытанні размяшчэння замежных ваенных баз у Беларусі.

Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду»: «Размяшчэнне расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі нясе пагрозу нашай бяспецы. На сёння Расія прызнаная ў свеце як краіна-агрэсар. Такі пункт на карце Беларусі можа быць мішэнню ў выпадку выспявання канфлікту паміж Расіяй і заходнім светам».

Анатоль Лябедзька, лідар АГП: «Ці ёсць такая праблема на парадку дня? Безумоўна! Ёсць прававы складнік. У беларускай Канстытуцыі запісана вельмі дакладна, што мы імкнемся да таго, каб быць бяз'ядзернай, пазаблокавай краінай. Гэта значыць, што на тэрыторыі Беларусі не павінна быць ваенных баз. 

Зараз практычны аспект. Апошнім часам знешнія фактары істотна ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі. Гэта звязана з украінскімі падзеямі. І мы бачылі, якую ролю адыгрывалі ваенныя базы на тэрыторыі той ці іншай краіны. Яны з'яўляліся фактарам дэстабілізацыі. Таму, калі мы кажам пра бяспеку Беларусі, у гэтай сітуацыі любая замежная база на тэрыторыі Беларусі не павышае бяспеку для грамадзян, а, наадварот, змяншае».

Уладзімір Някляеў, кіраўнік стваранага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»: «Прыняўшы гэтую дружалюбную расійскую прапанову, мы цалкам адыходзім пад яе як калонія. Плюс калонія мілітарызаваная. Калонія са зброяй, і, вельмі магчыма, зброяй ядзернай. Таму што пад крыламі расійскіх самалётаў вельмі проста прыляцяць ядзерныя боегалоўкі».

Глядзіце таксама: Апазіцыя кліча на сход у цэнтры Мінска супраць расійскай авіябазы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?