Рассельгаснагляд звярнуўся ў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі з просьбай растлумачыць паходжанне папаі, а таксама цытрусавых і бахчавых з краіны.
У паведамленні гаворыцца, што пастаўкі салаты-латук, цытрусавых, бахчавых, папаі, яблыкаў і іншай прадукцыі беларускага паходжання ўзраслі больш чым у два разы. Рассельгаснагляд звяртае таксама ўвагу на тое, што «вырабленую» ў Беларусі прадукцыю пастаўлялі у нехарактэрны перыяд выспявання.
Таксама ведамства паведамляе, што беларускія клубніцы, ажыны і маліны маюць статус паходжання з трэціх краін.
«З мэтай абароны тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ад заносу і акліматызацыі шкодных арганізмаў з улікам рызык, звязаных з увозам падкаранціннай прадукцыі «сумнеўнага» паходжання Рассельгаснагляд зноў звярнуўся ў адрас Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь па гэтым пытанні», — гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду.