26.09.2015 / 10:19

Чаму вынік выбараў не будзе адрознівацца ад папярэдніх? 47

Лічыць галасы будуць тыя самыя людзі.

Галасаванне ў 2012 годзе. Фота Сяргея Гудзіліна.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў мільянер Павел Тапузідзіс будзе асабіста лічыць галасы на ўчастку ў школе №199 на вуліцы Пімена Панчанкі.

Прабягаюся вачыма па складзе камісіі, і зрок выхоплівае нязвыклае для Беларусі прозвішча «Папандопула». Стоп. Такое самае прозвішча я бачыў, гартаючы склад выбарчых камісіі на папярэдніх выбарах.

Так і ёсць. І тады, і цяпер на ўчастку ў школе №199 працуе Таццяна Папандопула ад дабрачыннага Беларускага фонду міру.

Больш за тое, усе (!) 13 чалавек, якія лічылі галасы на парламенцкіх выбарах 2012 года і мясцовых выбарах 2014 года, цяпер будуць лічыць галасы на прэзідэнцкіх. Ніводнага новага імя! Надзвычай арганізаваная група.

У параўнанні з парламенцкімі выбарамі якія-ніякія змены ў спісе ёсць, але датычыцца яны толькі працэсу вылучэння. Некаторыя члены камісіі цяпер запісаныя ад іншых арганізацый.

Андрэй Барбарчык тады вылучаўся ў якасці прадстаўніка БРСМ. Цяпер ён будзе лічыць галасы ад Беларускай аграрнай партыі.

Вольгу Раманаву ў 2012 вылучала ў камісію бухгалтэрыя «Кароны» (гіпермаркета, які належыць Тапузідзісу). Пасля яна стала запісвацца ад Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў.

Яшчэ адзін стабільны «лічыльнік» — Аляксандр Скубакоў. Раней яму даводзілася збіраць подпісы грамадзян, каб трапіць у камісію. Цяпер ён вылучэнец ад раённага аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Астатнія сябры камісіі размеркаваныя па грамадскіх арганізацыях і партыях, якія адкрыта падтрымліваюць уладу.

Прадстаўленыя тры пралукашэнкаўскія партыі: Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Камуністычныя партыя Беларусі.

І яшчэ пяць грамадскіх арганізацый: «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Беларускі фонд міру, Беларускае таварыства «Чырвоны Крыж» і Беларускі саюз афіцэраў.

Згадаем пайменна тых, хто будзе лічыць галасы жыхароў Сухарава. Гэта Аляксандр Казанцаў, Вольга Кісялёва, Вікторыя Лапшова, Таццяна Папандопула, Пятро Саўчанка, Сяргей Таранюк, Фёдар Чарняк, Валянціна Шарамет, Іван Шор.

Як раней праводзіўся імі і іх калегамі падлік галасоў?

«Працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў, — гаворыцца ў заключэнні АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі 2012 года. — Назіральнікі, якім не была прадастаўлена належная магчымасць назіраць за падлікам, ацанілі працэс адмоўна ў значнай колькасці ўчасткаў, дзе праводзілася назіранне».

У Лідзіі Ярмошынай запыталіся, чаму ў выбарчыя камісіі не бяруць прадстаўнікоў апазіцыі. Старшыня Цэнтрвыбаркама патлумачыла гэта… канфліктнасцю нязгодных з дзеючай уладай.

«У нас ідзе адбор, то бок з усіх прадстаўленых выбіраюцца найбольш прыдатныя кандыдаты. Гэтак жа, як кіраўнік прадпрыемства выбірае сабе работнікаў на прадпрыемства на конкурснай аснове. Гэта людзі, якія добра вядомыя ў грамадстве са станоўчага боку, менавіта на такіх людзей абапіраюцца і ў працоўных калектывах, і ў грамадскай працы. Апазіцыі неабходна прыцягваць прыстойных, законапаслухмяных грамадзян, якія маюць добрую працоўную біяграфію, добрыя грамадскія сувязі, і тады ўсё будзе ў парадку», — заявіла Ярмошына.

На парламенцкіх выбарах 2012 года карэспандэнт «Нашай Нівы» назіраў за падлікам галасоў на ўчастку ў сярэдняй школе №7 Мінска. Гэты ўчастак увайшоў у акругу, дзе апазіцыя ладзіла паказальны байкот.

Фота падчас падліку галасоў. Ведамасці выбарцаў амаль пустыя, а яўка нібыта склала 58%.

Дастаковай яўкі тады не было, але гэта не перашкодзіла камісіі заявіць, што прагаласавала 58% выбарцаў.

З 13 членаў камісіі, якія працавалі тады, 11 чалавек будуць лічыць галасы і сёлета. Якую лічбу яўкі агучаць яны?

Ягор Марціновіч

0
Pw / Адказаць
26.09.2015 / 10:36
На всех "альтернативных" кандидатов будет дано чуть менее 5 процентов. Лидер среди них - Гайдукевич. Цифры УЖЕ есть, УЖЕ доведены.
0
абазнаны / Адказаць
26.09.2015 / 10:36
Варта НН пачаць друкаваць аповяды назіральнікаў на мінулых выбарах пра розныя махлярствы і правакацыі на выбарчых участках. Ё пра што ўзгадаць.
0
Rom / Адказаць
26.09.2015 / 10:41
Да какая в принципе разница, будут считать или не будут. Все равно ЦИК в лице Ермошиной дает результаты! И она даст нужные им результаты, вне зависимости сколько там насчитали.
Паказаць усе каментары/ 47 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру