Бел‑чырвона‑белы сьцяг зьявіўся каля 9‑й вечара на даху жылога дому, які стаіць на скрыжаваньні вуліц імя газэты «Праўда» і імя Багдана Хмяльніцкага .

Камэнтуючы зьяўленьне чарговага сьцягу, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда нагадаў, што ў горадзе праходзіць «Бел‑чырвона‑белы маратон» — шэраг акцыяў па вывешваньні сьцягоў да сёлетніх 90‑х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле ягоных словаў, да сьцяга, вывешанага сёньня, прымацавана цыдулка ад легендарнага Мірона наступнага зьместу:

«Гонар і пашана аўтару ваяцкага маршу «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макара Краўцова — спадзяюся, дзяржаўнага гімну будучай Беларусі. Слава героям БНР! Жыве Беларусь! Жыве вечна!»

Сьцяг лунаў над Віцебскам каля гадзіны, бо міліцыянты не адразу яго заўважылі ў гольлі бліжэйшых дрэў. Чатыры міліцэйскія машыны зьявіліся па чыімсьці тэлефонным выкліку і кружлялі паміж дамамі, пакуль натрапілі на той, дзе на даху быў прымацаваны бел‑чырвона‑белы сымбаль.

Міліцыянты выклікалі машыну службы МНС, але, не дачакаўшыся, самі ўскараскаліся на дах па пажарнай лесьвіцы ды скінулі сьцяг уніз. Яны абшукалі бліжэйшыя двары, але няўлоўнага Мірона ім адсачыць не ўдалося.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0