Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч лічыць, што перамены ў Беларусі непазбежныя. «Паглядзіце вакол: усё памянялася за 20 гадоў акрамя ўлады. Сёння народ і краіна перараслі сваю ўладу», — заявіла яна падчас свайго другога перадвыбарнага выступлення па тэлеканале «Беларусь-1» 24 верасня. 

«Дзяржаўная машына ўзору 1996 года глухне, не працуе ў 2015 годзе, значыць, прыйшоў час і яе змяняць. Улада павінна быць не тормазам, як цяпер, а рухавіком развіцця, як будзе пры новым прэзідэнце», — падкрэсліла кандыдат у прэзідэнты. 

Сёння, адзначыла Караткевіч, «вельмі шмат хто ў краіне ледзь-ледзь канцы з канцамі зводзяць». «Беларусь прыйшла да такіх зарплат таму, што перастала развівацца. Прынамсі апошнія гадоў дзесяць. Краіна спынілася, але дзякуючы жыццю ў доўг гэту праблему ўдавалася ўтойваць», — сказала яна. 

«Вертыкаль» улады «нават сёння, у 2015 годзе, фактычна ўсё яшчэ знаходзіцца ў далёкіх 90-х», сказала кандыдат у прэзідэнты. «Многія з праблем, якія стаяць зараз перад эканомікай, — гэтыя праблемы менавіта адтуль, з заўчора, але яны не вырашаныя і дагэтуль. Гэта — занятасць, мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў, сацыяльная абарона грамадства. Я сама бачыла, калі працавала ў Ленінскім выканкаме Мінска, як бяруць старыя планы і перабіваюць іх на наступны год. І так штогод. З такім падыходам мы далёка не пойдзем, а проста асуджаныя таптацца на месцы і вечна адставаць», — заявіла Караткевіч. 

Паводле яе слоў, каб вярнуць у Беларусь годныя зарплаты, неабходна «зрабіць крок наперад, пачаць мірныя перамены». «Даць волю актыўнаму, прадпрымальнаму чалавеку, які хоча і можа працаваць на зямлі, на заводзе, умее арганізоўваць вытворчасць ці аказваць паслугі. Трэба даць магчымасць людзям адкрываць сваю справу і самастойна забяспечваць сябе. Працаваць на сябе, а не на чужога дзядзьку ці чыноўніка. Як прэзідэнт, я буду падтрымліваць такіх людзей, яны — соль зямлі і рухаючая сіла любой эканомікі. Менавіта прыватны сектар выведзе нашу краіну з крызісу і забяспечыць працоўнымі месцамі, як гэта адбылося ў многіх краінах», — сказала Караткевіч. 

«Мы аслабім хватку дзяржавы на нашым горле, — паабяцала яна.

— Чым менш магчымасцяў у чыноўніка ўмешвацца, кагосьці караць смерцю, а кагосьці мілаваць, камусьці даваць магчымасці, а камусьці не — тым вышэйшая канкурэнцыя ў эканоміцы, ніжэйшая карупцыя ў дзяржапараце і больш грошай у бюджэце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?