25.09.2015 / 21:17

Караткевіч патрабуе ад ЦВК вынесці папярэджанне Лукашэнку 29

Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч патрабуе ад Цэнтрвыбаркама вынесці другому кандыдату ў прэзідэнты — Аляксандру Лукашэнку — папярэджанне «ў сувязі са шматлікімі і сістэматычнымі парушэннямі ўстаноўленага заканадаўствам парадку ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі, незаконным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і дзяржаўных бюджэтных сродкаў у мэтах правядзення агітацыі за сваё абранне». 

У скарзе, пададзенай 25 верасня ў Цэнтрвыбаркам, Караткевіч адзначае, што падчас агітацыйнай кампаніі яе даверанымі асобамі і сродкамі масавай інфармацыі былі зафіксаваныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства з боку каманды Лукашэнкі. 

У прыватнасці, адзначаецца ў дакуменце, дзяржаўныя СМІ ў паведамленнях аб выбарчай кампаніі выкарыстоўваюць элемент афармлення — графічны знак (лагатып) у выглядзе галачкі ў форме літары «V» лацінскага алфавіту, размаляванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга. «Ідэнтычны элемент афармлення выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі, што з'яўляецца схаванай формай агітацыі з боку дзяржаўных СМІ за аднаго з кандыдатаў», — лічыць Караткевіч. 

Гэты ж знак размешчаны на лагатыпе і банеры рубрыкі «Выбары-2015» на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, а таксама на сайтах шэрагу дзяржаўных рэгіянальных газет. Акрамя таго, такі ж графічны знак выкарыстоўвае тэлеканал АНТ падчас серыі канцэртаў «Мы разам», якія праходзяць з пачатку верасня ў абласных цэнтрах. 

У скарзе таксама адзначаецца, што ў рознічны продаж у Мінску паступілі майкі вытворчасці ААТ «Світанак» з малюнкамі, якія змяшчаюць лозунг кандыдата Лукашэнкі «За будучыню незалежнай Беларусі!» і графічны знак (лагатып) у выглядзе галачкі ў форме літары «V» лацінскага алфавіту, размаляванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга. 

«На 16 верасня 2015 года, паводле інфармацыі ЦВК, расходаў з выбарчага фонду Лукашэнкі не ажыццяўлялася. Указаная прадукцыя, безумоўна, з'яўляецца агітацыйнай, бо ўтрымлівае лозунг кандыдата, пад якім ён ажыццяўляе сваю агітацыйную кампанію, а таксама лагатып, які выкарыстоўваецца ў яго агітацыйнай друкаванай прадукцыі. Гэта прадукцыя скіравана на схіленне грамадзян да галасавання за пэўнага кандыдата. Аднак яна выраблена не за кошт выбарчага фонду кандыдата», — гаворыцца ў скарзе. 

Караткевіч лічыць, што, «такім чынам, агітацыя за гэтага кандыдата, як і ў выпадку з выпускам партыі маек, так і ў выпадку публікацый у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і правядзення серыі канцэртаў пад эгідай дзяржаўнага тэлеканала АНТ і Міністэрства культуры, адбываецца не за кошт выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты, а ў тым ліку за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту, што з'яўляецца недапушчальным і супярэчыць патрабаванням Выбарчага кодэкса». 

Кандыдат патрабуе правесці праверку выкладзеных у скарзе акалічнасцяў і разгледзець яе на калегіяльным пасяджэнні Цэнтральнай камісіі. Таксама яна патрабуе ад ЦВК распачаць меры па недапушчэнні злоўжывання дзяржаўнымі СМІ з боку кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі. 

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ўжо каментавала прыведзеныя ў скарзе факты. 24 верасня яна паведаміла журналістам, што выпуск маек з'яўляецца камерцыйнай дзейнасцю, таму іх продаж, а не бясплатнае распаўсюджванне, законны. Паводле слоў Ярмошынай, каманды іншых прэтэндэнтаў таксама могуць выпускаць прадукцыю і прадаваць яе. 

Што да лагатыпа ў выглядзе галачкі ў форме літары «V», то, адзначыла Ярмошына, ён з'яўляецца брэндам, які выкарыстоўвае каманда Лукашэнкі і распрацаваны БелТА, і можа выкарыстоўвацца любым ахвотным, у тым ліку камандамі іншых кандыдатаў у прэзідэнты.

0
0 / Адказаць
25.09.2015 / 21:34
А Караткевіч пальцамі казу паказвае ў форме літары «V».
0
Казік / Адказаць
25.09.2015 / 21:37
Караткевіч атрымала ад акупацыйнай адміністрацыі аплявуху. Можа адумаецца і здыме сваю кандыдатуру? Хай застаюцца цар і яго блазаны. Галоўнае, што мы не прзнаем гэтых "выбараў". За намі не прызнае іх і ўвесь свет.
0
Driver / Адказаць
25.09.2015 / 22:05
Казік, "... Галоўнае, што мы не прзнаем гэтых "выбараў..." а хто такия "ВЫ" и для каго гэта "галоунае"
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру