Масква гатовая ў любы момант пачаць авіяўдары ў Сірыі, каб аказаць падтрымку арміі прэзідэнта Башара Асада і спыніць наступ «Ісламскай дзяржавы» і іншых груповак. Пра гэта піша Los Angeles Times са спасылкай на дадзеныя амерыканскай выведкі.
У нанясенні авіяўдараў могуць быць задзейнічаны 28 знішчальнікаў і штурмавікоў, таемна перакінутыя на аэрадром у сірыйскай правінцыі Латакія, сцвярджае выданне. Па дадзеных выведкі, у Сірыю перакінута 12 знішчальнікаў-бамбавікоў Су-24, столькі ж штурмавікоў Су-25 і чатыры знішчальнікі Су-30.
Крыніцы ў Вашынгтоне паведамілі, што самалёты прыляцелі ў Сірыю з выключанымі транспондарамі — прыладамі, якія дазваляюць адсочваць іх знаходжанне. Яны перакідваліся ў суправаджэнні расійскіх транспартных самалётаў Ан-124, якія выкарыстоўвалі камерцыйныя паветраныя калідоры над Іранам і Іракам.
«Рэактыўныя самалёты гатовыя да нанясення удараў у любы момант, у цяперашні момант для гэтага няма ніякіх перашкод», — заявіла крыніца, блізкая да амерыканскай выведкі.
Расейскія самалёты-разведчыкі на гэтым тыдні ўжо пачалі лятаць над пазіцыямі баевікоў на паўночным захадзе Сірыі.
Расійскія беспілотнікі штодня праводзяць рэйды над правінцыямі Латакія і Хама, кантраляванымі арміяй Асада, і правінцыяй Ідліб, значная частка якой захоплена баевікамі.
На базу ў Латакіі, па звестках амерыканскай газеты, таксама дастаўлены 16 верталётаў, дзевяць танкаў Т-90 і артылерыя. На тэрыторыі авіябазы разгорнуты модульны гарадок, разлічаны на дзве тысячы вайскоўцаў. Акрамя таго, для забеспячэння ўзлёту і пасадкі самалётаў пабудавана новая дыспетчарская вышка.