Пасол Расіі ў Варшаве выклікаў абурэнне палякаў, заявіўшы, што Польшча часткова вінаватая ў пачатку Другой сусветнай вайны.

У інтэрв'ю, якое транслявалася тэлекампаніяй TVN24 у пятніцу ўвечары, пасол Сяргей Андрэеў заявіў, што палітыка польскіх уладаў прывяла да катастрофы ў верасні 1939 года, бо на працягу 1930-х гадоў Польшча неаднаразова блакавала стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі.

Таму, паводле яго слоў, Польшча часткова вінаватая ў сувязі з трагедыяй.

Як паведамляецца, расійскі пасол будзе выкліканы ў панядзелак у МЗС Польшчы для тлумачэнняў.

Сяргей Андрэеў заявіў таксама, што ў 1939 годзе Савецкі Саюз дзейнічаў у мэтах самаабароны, таму ўварванне СССР у Польшчу не можа лічыцца агрэсіяй.

У інтэрв'ю польскаму тэлебачанню Андрэеў таксама паскардзіўся на тое, што польска-расійскія адносіны цяпер горшыя, чым калі-небудзь за папярэднія 70 гадоў, бо Варшава выбрала замарозку палітычных і культурных кантактаў краін.

Польскі МЗС у суботу выказаў свае «здзіўленне і трывогу» словамі расійскага дыпламата, заявіўшы, што пасол «падрывае гістарычную праўду» і, «відаць, спрабуе апраўдаць злачынствы сталінізму».

«Кропка гледжання, прадстаўленая самым высокім прадстаўніком расійскай дзяржавы ў Польшчы, падрывае гістарычную праўду і адлюстроўвае самую крывадушную інтэрпрэтацыю падзей, вядомых яшчэ з часоў сталінізму і камунізму», — гаворыцца ў заяве міністэрства замежных спраў Польшчы.

«Мы расцэньваем гэта як непавагу да памяці ахвяраў злачынстваў НКВД, учыненых па загадзе савецкіх уладаў», - заявіў польскі МЗС.

Пасля ўварвання савецкай арміі ў Польшчу больш за 200 тысяч польскіх вайскоўцаў былі адпраўленыя ў ГУЛАГ, больш за 20 тысяч былі расстраляныя ўвесну 1940 года супрацоўнікамі НКВД у Катыні.

Прэм'ер-міністр Польшчы Эва Копач таксама выказала сваё незадавальненне заявамі расійскага дыпламата.

«Роля акрэдытаванага ў краіне пасла павінна быць у тым, каб будаваць гарманічныя і дружалюбныя адносіны паміж краінамі», — нагадала кіраўнік польскага кабінета міністраў.

Адказваючы на пытанне пра выказванні расійскага пасла, Эва Копач заўважыла: «Нават дзеці ведаюць, што ні Рыбентроп, ні Молатаў не былі палякамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?