Памёр беларускі сацыёлаг і філосаф Уладзімір Абушэнка. Яму было 58 гадоў.

Уладзімір Абушэнка нарадзіўся 22 красавіка 1957 у Пінску. Скончыў аддзяленне філасофіі гістфака БДУ (1979), затым працаваў выкладчыкам кафедры філасофіі Беларускага політэхнічнага інстытута.

У 1985 годзе абараніў дысертацыю кандыдата філасофскіх навук на тэму «Праблемы пабудовы сістэмы паказчыкаў духоўнай дзейнасці асобы ў канцэпцыі сацыялістычнага ладу жыцця. (Тэарэтыка-метадалагічны аспект)». З красавіка 1990 года па красавік 2002 года — дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ.

З красавіка 2002 года — намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай рабоце (у красавіку-снежні 2008 года выконваў абавязкі дырэктара Інстытута).

Аляксей Ластоўскі напісаў у сваім фэйсбуку: «І я ж бачыўся з ім у мінулы чацвер, заходзіў да яго на працу. Абушэнка казаў, што вельмі стаміўся, хоча проста дапрацаваць да пенсіі. На здароўе не скардзіўся, як звычайна, жаліўся на адміністратыўную руціну, якая не дае яму рабіць карысныя і цікавыя рэчы. Сваю кнігу, пра якую ён даўно марыў, і якой ад яго чакалі, ён так і не дапісаў.

Ды і агулам, шмат што і не зрабіў — хоць быў адной з найбольш светлых і глыбокадумных фігур у беларускай сацыялогіі. Баюся, што будзем памятаць яго не па тэкстах, а па выхаванні бліскучай плеяды вучняў.

Я-то такім не быў, але што ёсць - Абушэнка заўжды мне дапамагаў і падтрымліваў. Ад самага пачатку, калі я ў якасці вясковага настаўніка гісторыі заваліўся ў Інстытут сацыялогіі — і першым хто мяне сустрэў на калідоры і рэальна дапамог быў Абушэнка. Вельмі шкада, што такія выбітныя людзі так рана сыходзяць. Спадзяюся, у выраі яго ўжо чакае Грыцанаў з кілішкам гарэлкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?