Праз падзенне вежавага крана на вуліцы Грушаўскай у Мінску раніцай 28 верасня 20 прыватных дамоў застаюцца без электрычнасці, паведамляе прэс-служба Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

Інфармацыя аб здарэнні паступіла ў МНС сёння каля 8.00. Кран упаў на адзін з дамоў у прыватным сектары, які падлягае зносу.

Устаноўлена, што пры будаўніцтве 16-павярховага шматкватэрнага дома ўпаў 10-тонны кран 1989 года выпуску, паведамляе прэс-служба. У адным з прыватных дамоў пашкоджана драўляная сцяна, дах, перакрыццё на агульнай плошчы 20 кв. м. Пашкоджаны таксама паветраная лінія электраперадачы (без электразабеспячэння застаюцца 20 прыватных жылых дамоў па вуліцы Грушаўскай і 5-м Чыгуначным завулку) і паветраны стальны газаправод (ад сістэмы газазабеспячэння адключаны тры прыватныя дамы). 

У доме, на які ўпаў кран, знаходзіліся тры чалавекі, яны не пацярпелі. Кранаўшчык 1990 года нараджэння са спалучанымі траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці, адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай сярэдняй ступені цяжкасці, пашкоджаннем паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка дастаўлены ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Прычына здарэння ўстанаўліваецца. Для ліквідацыі наступстваў падзення крана арганізавана камісія па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, на якой прынята рашэнне аб адсяленні жыхароў пашкоджанага дома. Іх часова пераселяць у падменны фонд выканкама раёна.

«На месцы здарэння вядуцца аварыйна-ратавальныя і аднаўленчыя работы, працуе камісія па ўстанаўленні прычын здарэння, з відавочцамі працуе псіхолаг МНС», — паведамляе прэс-служба.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, здарэння сёння разглядалася на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме. Першы намеснік старшыні выканкама Уладзімір Кухараў распарадзіўся на працягу месяца забяспечыць жыхароў пашкоджанага дома новым жыллём. У сталіцы будзе праведзена праверка стану ўсіх будаўнічых кранаў.

Эксперты ацэняць стан пашкоджанага дома і вызначаць, ці падлягае ён аднаўленню. «У выпадку зносу пастаяннае жыллё пацярпелым (у доме прапісана восем чалавек, жылі трое) павінна будзе прадаставіць вінаватая ў здарэнні арганізацыя», — адзначыў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Аляксандр Крэпак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0