Сойм Маладога Фронту падтрымаў акцыю супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы. Яе склікаюць Мікола Статкевіч і Уладзімер Някляеў. Пройдзе яна 4 кастрычніка на плошчы Свабоды як сустрэча выбарцаў.

Вакол гэтых перадвыбарчых пікетаў існуе юрыдычная спрэчка. Улады настойваюць, каб арганізатары прасілі на правядзенне дазвол выканкама. Арганізатары настойваюць, што ў рамках выбарчай кампаніі такіх дазволаў не трэба.

Раней улады практычна ў ста працэнтаў выпадкаў адмаўлялі ў дазволах на шэсці, мітынгі ці пікеты ў цэнтры сталіцы, у парушэнне нацыянальнай Канстытуцыі і законаў, якія гарантуюць свабоду сходу. 

Маладафронтаўцы прапаноўваюць удзельнікам акцыі узяць як мага больш бел-чырвона-белых нацыянальных беларускіх сцягоў. «Зробім 4 кастрычніка на плошчы Свабоды мора бел-чырвона-белых сцягоў!» — кажа Яўген Васьковіч.

Апазіцыя адзіная ў непрыманні намеру Расіі размясціць у Беларусі свае самалёты. «Гэта не проста нейкая фармальная авіябаза — гэта пэўны Рубікон, перайшоўшы які, назад вярнуцца будзе вельмі складана і каштаваць гэта будзе вельмі дорага. Мы бачым, чым абярнулася расейская марская база ў Крыме для Украіны і тым самым можа абярнуцца такая база для Беларусі», — мяркуе палітык Аляксей Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0