Агенцтву NASA ўпершыню ўдалося знайсці непасрэдныя доказы існавання патокаў вады на паверхні Марса. Пра гэта прадстаўнікі агенцтва паведамілі ў публікацыі ў часопісе Nature Geosciences.

Дадзеныя аб наяўнасці патокаў вады на Марсе былі атрыманыя з дапамогай спектральнага аналізу, праведзенага шматфункцыянальнай аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй Mars Reconnaissance Orbiter (MRO). Яна вывучае планету з 2006 года, аднак ёй упершыню ўдалося пацвердзіць тэорыю, што існавала шмат гадоў.

З дапамогай MRO навукоўцы прааналізавалі цёмныя палосы, якія пасезонна з'яўляюцца і знікаюць на паверхні Марса. Арбітальная станцыя пацвердзіла, што яны ўтвараюцца ў выніку сходу патокаў салёнай вады.

Аб сваёй знаходцы ў NASA абвясцілі яшчэ раніцай 28 верасня. У паведамленні гаварылася пра разгадку нейкай «таямніцы Марса». Пра тое, што вада на планеце існуе ў форме лёду, навукоўцы ведалі ўжо даўно, аднак да гэтага часу наяўнасць яе ў вадкай форме на ёй заставалася толькі тэорыяй.

Згодна з папулярнай сярод даследчыкаў версіяй, каля 4 мільярдаў гадоў таму на Марсе быў вялікі акіян, а ў красавіку 2013 марсаходу Curiosity ўдалося пацвердзіць наяўнасць вады пад паверхняй планеты.

Як адзначае The Verge, пошукі вадкасці на Марсе, якая дае жыццё, сталі сярод навукоўцаў свайго роду жартам, аднак свежая знаходка, зробленая NASA, можа пакласці канец дэбатам на гэты конт.

Упершыню незвычайныя цёмныя палосы, якія ідуць паралельна адна адной ад больш ўзнёслых пунктаў планеты да больш нізкіх, былі выяўленыя на паверхні Марса станцыяй MRO ў 2010 годзе. Іх шырыня звычайна складае каля пяці метраў. У цёплы сезон палосы становяцца таўсцейшымі і даўжэйшымі, у халодны — рэзка памяншаюцца або знікаюць цалкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?