Падчас моцнага дажджу 26 верасня на Кааператыўным рынку ў Баранавічах былі адкрытыя каналізацыйныя люкі для зліву вады.

Людміла Станкевіч, 55-гадовая мясцовая жыхарка, прыйшла на рынак за пакупкамі. У той дзень ішоў моцны дождж, і з-за вады адкрытага люка відаць не было.

«Я спакойна ішла паўз крытыя павільёны і проста звалілася ў гэты люк! Шчасце, што локцямі зачапілася і правалілася толькі па пояс, а не цалкам», — распавяла Intex-press Людміла.

Па словах жанчыны, люк не быў зачынены вечкам, ніякай агароджы вакол яго таксама не было, толькі нейкая незразумелая металічная накладка.

Работнікі рынку распавялі Людміле, што літаральна за паўгадзіны да здарэння яны хадзілі да адміністрацыі рынку і прасілі, каб люк абгарадзілі. Аднак адміністрацыя іх просьбу праігнаравала.

Работнікі рынку дапамаглі жанчыне выбрацца з люка, выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі адвезлі Людмілу ў прыёмны пакой, агледзелі, зрабілі УГД. Цяпер жанчына на бальнічным, ходзіць у паліклініку на працэдуры і кажа, што адчувае сябе дрэнна.

«Да адміністрацыі рынку я не хадзіла. А сэнс? Я напісала перадсудовы ліст старшыні РАЙСТ. Хачу, каб мне кампенсавалі матэрыяльны і маральны ўрон, — распавяла гараджанка і дадала: — Добра, што ў люк праваліўся дарослы чалавек, а не дзіця. Інакш трагедыі не ўдалося б пазбегнуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0