Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне заявіла пра выяўленне цяжкай агнямётнай сістэмы ТАС-1 на ваенным палігоне ў сяле Круглік, паблізу Луганска, паведамляе military-informant.com.

У справаздачы СММ АБСЕ гаворыцца пра выяўленне цяжкай тэрмабарычнай сістэмы залпавага агню калібра 220мм тыпу ТАС-1. Прыналежнасць сістэмы залпавага агню не ўказваецца, і адзначаецца, што комплекс ТАС-1 знаходзіўся на ваенным палігоне, падкантрольным сілам апалчэння непрызнанай «Луганскай Народнай рэспублікі».

ТАС-1 «Бураціна» ўяўляе сабой ўстаноўку з некіравальнымі ракетнымі снарадамі на базе шасі танка Т-72. Сістэма залпавага агню ТАС-1 «Бураціна» прызначалася для вываду са строю аўтамабільнай і лёгкабраняванай тэхнікі, разбурэння будынкаў і збудаванняў, знішчэння жывой сілы праціўніка.

Паражэнне суперніка дасягаецца шляхам комплекснага ўздзеяння асколкамі, высокімі тэмпературамі і падвышаным ціскам.

У цяперашні час рэактыўная шматствольная агнямётная ўстаноўка залпавага агню ТАС-1 «Бураціна» знаходзіцца на ўзбраенні расійскай арміі, Азербайджана, Ірака і Казахстана. На ўзбраенні украінскай арміі падобных комплексаў ніколі не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0