29.09.2015 / 22:33

Мінскі электрык абураны, што сайт «Хартыі’97» запісаў яго ў «ціхары» 51

Рэдактарка сайта «Хартыя’97» Натальля Радзіна настойвае, што выкрыла схаваных супрацоўнікаў КДБ, і сьцьвярджае, што яны ёй пагражаюць.

Абвінавачаныя ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі ўдзельнікі мітынгу 23 верасьня на плошчы Свабоды абураныя інфармацыяй, якая зьявілася ў беларускім інтэрнэце, і называюць яе паклёпам. Між тым галоўны рэдактар сайта «Хартыя’97» Натальля Радзіна настойвае, што гэта менавіта супрацоўнікі спэцслужбаў.

Мікіту Нагліна і яго сяброўку Тамару Балакіну ў інтэрнэце абвінавацілі ў тым, што яны так званыя «ціхары» — супрацоўнікі спэцслужбаў, якія працуюць на акцыях апазыцыі ў цывільным.

Інфармацыя зьявілася на charter97.org са спасылкай на суполку ў Фэйсбуку «Тэрыторыя правоў». Выданьне зьмясьціла фатаздымкі Мікіты і Тамары зь мітынгу Мікалая Статкевіча на плошчы Свабоды 23 верасьня і на пікеце Аб’яднанай грамадзянскай партыі 16 верасьня. Пад артыкулам зьявілася шмат абразьлівых камэнтароў.

Далей «Хартыя» яшчэ некалькі разоў у сваіх артыкулах узгадвала Мікіту як «ціхара».

Знайсьці першакрыніцу ў суполцы «Тэрыторыя правоў» цяпер ужо немагчыма — імаверна, гэтая інфармацыя была выдаленая.

«23 верасьня ў мяне быў дзень народзінаў — мне споўнілася 30 гадоў. Гэтае сьвята я вырашыў правесьці на пікеце Міколы Статкевіча. Усё было б добра, але на наступны дзень ад спадарыні Радзінай я атрымаў не зусім прыемны «падарунак», які можна было назіраць на сайце «Хартыя’97»», — распавёў радыё «Свабода» Мікіта Наглін.

Мікіта кажа, што ён працуе на дзяржпрадпрыемстве, у электрасетках, спэцыялістам па сувязі. У яго вышэйшая адукацыя — ён скончыў Авіяцыйную акадэмію па спэцыяльнасьці «бортінжынэр».

Мікіта падкрэсьлівае, што ў публікацыях у інтэрнэце не прыведзена ніякіх фактаў, якія б сьведчылі, што ён мае нейкае дачыненьне да спэцслужбаў.

«Вось кажуць, што я шмат пытаньняў на мітынгу задаваў… Я б хацеў зьвярнуцца да палітыкаў: калі вы ўжо клічаце народ, сваіх слухачоў, то дайце магчымасьць ім сказаць і нясіце за гэта адказнасьць. А то народ прыходзіць, а потым пачынаецца — чаму вы пытаньні нязручныя задаяце? У мяне такое разуменьне, што мы павінны прыходзіць па квітках, з гатовымі пытаньнямі і гатовымі адказамі», — кажа Мікіта.

Жанчына на фатаздымку, распаўсюджаным сайтам «Хартыі-97», —Тамара Балакіна — прыйшла на акцыю разам зь Мікітам.

«Мяне на мітынг на плошчы Свабоды запрасіў Мікіта. Мне было вельмі цікава паглядзець і паслухаць Статкевіча, якога толькі вызвалілі з турмы. А цяпер нам дзіўна, што нас абвінавачваюць у такой бязглузьдзіцы, да якой мы ня маем ніякага дачыненьня», — кажа Тамара.

Да гэтага яны разам былі на пікеце памяці Ганчара і Красоўскага 16 верасьня каля ГУМа. Мікіта і Тамара таксама зьбіраюцца пайсьці на мітынг 4 кастрычніка супраць расейскай вайсковай базы.

Мікіта падкрэсьлівае, што для яго абвінавачаньне ў працы на спэцслужбы — гэта сур’ёзная абраза. Хоць тыя, хто ведае яго асабіста, не паверылі ў інфармацыю, якая зьявілася на сайце «Хартыі’97».

«Людзі ведаюць, хто я такі і чым займаюся. На той жа «Хартыі» пісалі камэнтары, што так, сапраўды, ён электрык. Прадпрыемства вялікае, каля 1000 чалавек, і да таго, як вызвалілі Мікалая Статкевіча, я хадзіў у футболцы з надпісам «Свабоду Мікалаю Статкевічу!». Мяне нават кіраўніцтва бачыла ў гэтай футболцы, але яны ўсё разумелі — ніхто нават слова ніводнага не сказаў. Працоўны кляс казаў — малайчына, трымайся. Адзін, праўда, быў, хто спытаўся: цябе яшчэ не пасадзілі?.. А як толькі я даведаўся, што Міколу выпускаюць, я ўсе справы кінуў і паехаў на аўтавакзал. Я пастаянна сачу за палітычнымі падзеямі», — распавёў Мікіта.

Мікіта і Тамара кажуць, што яны разам ходзяць на розныя імпрэзы ў кнігарні «Логвінаў» і ў галерэі «Ў», вучацца на курсах «Мова нанова», а таксама запісаліся ў назіральнікі на прэзыдэнцкіх выбарах ад Партыі БНФ.

Мікіта Наглін зьвярнуўся ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў са скаргай на сайт «Хартыі’97» і суполку ў сацсетках «Тэрыторыя правоў», якая мае дачыненьне да праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Супрацоўнік, які працаваў на «Тэрыторыі правоў», разьмясьціў неправераную інфармацыю, якая была распаўсюджана «Хартыяй’97». Ён просіць прызнаць, што ў гэтых публікацыях утрымлівалася парушэньне журналісцкай этыкі», — сказала карэспандэнту Свабоды сакратарка камісіі па этыцы БАЖ Тацяна Равяка.

Галоўны рэдактар «Хартыі’97» Натальля Радзіна, якая ўцякла зь Беларусі і атрымала прытулак у Польшчы, настойвае на тым, што Мікіта і Тамара — супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў.

«Я абсалютна не разумею, чаму вас цікавіць гэтая тэма. Я магу сказаць толькі адно: я не атрымлівала ад гэтага чалавека ніводнага доказу таго, што ён не зьяўляецца супрацоўнікам спэцслужбаў. Яны нічога не дасылалі ні на сайт «Хартыі», ні мне асабіста. Я ад яго атрымлівала толькі пагрозы ў Фэйсбуку. Гэтыя пагрозы, у прынцыпе, пацьвярджаюць, што гэты чалавек — супрацоўнік спэцслужбаў. І я маю намер усё гэта адправіць у БАЖ.

Акрамя таго, я хачу нагадаць, што першай інфармацыю пра тое, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў — «ціхары» — паведаміла «Тэрыторыя правоў». То бок праваабаронцы, якія назіраюць за акцыямі пратэсту. Потым яны чамусьці выдалілі гэтую інфармацыю, але першымі яны яе распаўсюджвалі», — заявіла Натальля Радзіна.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» былі сведкамі, як Наглін увесь час трымаецца каля лідараў апазіцыі на мітынгах і ўвесь час лезе ў размовы зь імі. Нават калі яны размаўляюць з журналістамі.

0
Душы каларадаў - ратуй бульбу / Адказаць
29.09.2015 / 22:44
"я не атрымлівала ад гэтага чалавека ніводнага доказу таго, што ён не зьяўляецца супрацоўнікам спэцслужбаў" +100500. Змагарская логіка жыве і перамагае. Прэзумцыя ВІНАВАТАСЦІ - новае вынаходніцтва замшэлага гета. Які жах...
0
Мiкола / Адказаць
29.09.2015 / 22:44
А што тут дзiунага? Радзiна асабiста была на пiкеце, пазнала электрыка... Чалавек пытаннi задае, ну вядода, агент...
0
да уж / Адказаць
29.09.2015 / 22:46
Хартия бывает правдивой, а бывает мерзкой, мои комментарии частенько не публикуют - не прохожу фейс контроль, на Нашей ниве тоже бывает не публикуют, но реже
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру