У Барысаве гэтым вечарам рабілася нешта неймавернае. БАТЭ ў рамках групавога этапа Лігі чэмпіёнаў перамог італьянскую «Рому» з лікам 3:2.

Здаецца, у беларускай каманды атрымлівалася літаральна ўсё. Першы гол Ігара Стасевіча на 8-ай хвіліне многімі мог разглядацца як выпадковы. Маўляў, расслабіліся італьянцы ў пачатку гульні. Пасля атрымаеце па зубах. Не ўгадалі.

Гол Ігара Стасевіча.

Гол Ігара Стасевіча.

Ужо на 13-ай хвіліне Філіп Младзенавіч забіў шалёны гол. І разам з тым вельмі прафесійны. Наш серб прыняў мяч дзесьці бліжэй да цэнтра поля. Прасунуўся крыху наперад, у такіх сітуацыях усе чакаюць дыяганаль на супрацьлеглы фланг. Чакаў яе і брамнік «Ромы» Войцэх Шчэнсны, які рвануўся на перахоп. А Младзенавіч замест паса ўдарыў проста ў вароты — 2:0.

Філіп Младзенавіч — герой сустрэчы.

Філіп Младзенавіч — герой сустрэчы.

Варта адзначыць, што ў Барысаў «Рома» прыехала крыху ў аслабленым складзе. Напрыклад, траўму атрымаў сімвал клуба, славуты нападаючы Франчэска Тоці. Пашкоджанне ў баснійца Эдвіна Джэка. Але і тыя гульцы, якія былі ў абойме Рудзі Гарсіі, уражвалі. Тым больш, што ў першым матчы «Рома» згуляла ўнічыю з самой «Барселонай» — 1:1.

На 30-й хвіліне Філіп Младзенавіч аформіў дубль. Без сумневаў, гэты мяч стане адным з найбольш прыгожых сярод забітых у гэты вечар Лігі чэмпіёнаў. Здавалася, што мяч ужо сыходзіў за лінію, але Максім Валадзько дагнаў мяч, апрацаваў, ды аддаў перадачу на партнёра па фланзе. У такіх выпадках кажуць, што залятае толькі адзін мяч з дзесяці, настолькі эфектна гулец БАТЭ перакінуў брамніка.

3:0 у першым тайме. Цікава, што трэнер «Ромы» Рудзі Гарсія ўжо праходзіў такое. У 2012 годзе БАТЭ правярнуў той жа фінт з «Лілем», які ўзначальваў Гарсія. Тады ў другім тайме французы змаглі адыграць толькі адзін гол.

Не сказаць, каб БАТЭ акапаўся пасля гэтага ў абароне. Каманда працягвала шукаць шчасця ля чужых варот. Не сказаць, каб «Рома» нічога не стварала ля нашых. Моманты былі і зусім нямала, але да пэўнага часу шанцавала. Першы тайм у барысаўцаў, як мы ўжо пісалі, атрымлівалася ўсё.

Другі тайм БАТЭ крыху прыціснуўся да сваіх варот. Таму пытанне гола было толькі пытаннем часу. Чым даўжэй не прапускаў наш чэмпіён — тым лепш.

Прапусцілі на 65-ай хвіліне, адзначыўся івуарыец Жэрвіньё, галоўная зорка «Ромы» сёння. На куражы італьянцы змаглі адзначыцца яшчэ раз. На 82-ай хвіліне супернікі выдрапалі мяч на фланзе ў Палякова, а ўжо Тарасідзіс расстрэльваў Чэрніка.

Наступныя імгненні былі нервовымі, давялося амаль што адлічваць секунды. Недзе на карысць БАТЭ згуляла ўдача, калі мяч трапіў у бэльку.

І, тым не менш, вытрымалі. 3:2! Першая перамога БАТЭ ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Хто ведае, можа, і не апошняя.

Таксама ў нашай групе «Барселона» перамагла нямецкі «Баер» — 2:1. Цяпер «Барселона» мае 4 пункты, «Баер» і БАТЭ — па 3, «Рома» — 1. Наступнай у Барысаў прыедзе «Барса».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?