Далёка не ўсе скардзяцца на малы заробак. У базах дадзеных ёсць вялікая колькасць высокааплатных вакансій. Вось толькі патрабаванням адпавядаюць не ўсе патэнцыйныя работнікі.
«Наша Ніва» склала спіс самых дарагіх вакансій краіны.
1. Дырэктар кампаніі — $2800
Самыя вялікія грошы — 50 мільёнаў — гатовы плаціць «Цэнтр бізнэс-рашэнняў» свайму новаму дырэктару. Кампанія займаецца кансультаваннем бізнэсу. Каб прэтэндаваць на месца, трэба мець тры гады вопыту дырэктарскай працы.
2. Прэзідэнт Беларусі — $2600
Гэтае месца працы становіцца вольным пасля 11 кастрычніка. Паводле леташняй дэкларацыі, Аляксандр Лукашэнка атрымліваў 46 мільёнаў рублёў штомесяц. Ці індэксаваўся сёлета заробак, невядома.
3. Топ-менеджар беларуска-кітайскай кампаніі — $2250-2550
Адразу тры вакансіі выставілі прадпрыемствы, зарэгістраваныя ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку ў Смалявіцкім раёне. Генеральнаму дырэктару, а таксама двум начальнікам аддзелаў гатовыя плаціць па 40—45 мільёнаў рублёў. Неабходнае веданне англійскай мовы, але гэта яшчэ паўбяды. Тых, хто валодае кітайскай мовай, у Беларусі надзвычай мала. А гэта абавязковая ўмова для працаўладкавання.
4. Праграміст — каля $2000
Паколькі прадукцыя беларускіх IT-кампаній арыентаваная на экспарт, то і заробкі часцяком прывязаныя да валюты.
Паводле Белстата, сярэдняя зарплата ў сферы, «звязанай з вылічальнай тэхнікай», дасягнула 28,5 мільёна рублёў — гэта больш за $1600 у эквіваленце.
5. Галоўны інжынер на АЭС — $1700
Адказную працу інжынера-энергетыка на будоўлі пад Астраўцом ацэньваюць на 30 мільёнаў рублёў.