Дзень нямецкага адзінства (Tag der Deutschen Einheit) — ад 1990 года нацыянальнае свята Германіі. Яно адзначаецца ў адпаведнасці з Дамовай аб аб’яднанні Германіі: 3 кастрычніка 1990 года Германская Дэмакратычная Рэспубліка ўвайшла ў склад Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Спачатку нацыянальнае свята аб’яднанай краіны меркавалася прызначыць на 9 лістапада — дзень падзення Берлінскай сцяны, якая на дзесяцігоддзі падзяліла нямецкі народ на дзве часткі. Аднак паколькі гэты дзень быў звязаны з цёмнымі перыядамі ў гісторыі Германіі (піўны путч у 1923 годзе і лістападаўскія пагромы 1938), для новага дзяржаўнага свята была абраная іншая дата — 3 кастрычніка, калі адбылося канчатковае аб’яднанне дзвюх нямецкіх дзяржаў.

Аб’яднання ў адну краіну немцы чакалі 40 гадоў. Нагадаем, што пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Германіі была фактычна падзелена на дзве часткі: адна трапіла пад кіраўніцтва СССР, другую кантралявалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. У 1949 годзе на нямецкіх тэрыторыях, размешчаных на амерыканскай, брытанскай і французскай зонах, узнікла Федэратыўная Рэспубліка Германія. У тым жа годзе 7 кастрычніка на савецкай зоне акупацыі была абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) са сталіцай у Берліне (дэ-факта — ва ўсходняй частцы горада). На працягу наступных сарака гадоў абедзве нямецкія дзяржавы існавалі паралельна, і да пачатку 1970-х гадоў у ФРГ не прызнавала ГДР.

Берлін, як і ўся краіна, быў таксама падзелены на дзве часткі. У 1961 годзе мяжа паміж нямецкім Усходам і Захадам была замацавана легендарнай сцяной, якая праходзіла праз увесь горад. Прычына ўзвядзення высокага мура, які пільна ахоўваўся з сацыялістычнага боку, была банальная: немцы масава беглі ў ФРГ. Нават сцяна не магла іх спыніць: спецслужба ГДР «Штазі» рэгулярна выяўляла падкопы.

ФРГ мела нашмат вышэйшы ўзровень жыцця.

Дзякуючы дапамозе з боку ЗША па плане Маршала, а таксама ў выніку рэалізацыі планаў эканамічнага развіцця краіны, распрацаваных пад кіраўніцтвам Людвіга Эрхарда, у 1950-я гады ў ФРГ быў дасягнуты хуткі рост эканомікі (германскі эканамічны цуд), які доўжыўся да 1965 года. Для задавальнення патрэбаў у таннай працоўнай сіле ФРГ падтрымлівала прыток гастарбайтараў, у асноўным з Турцыі. Быў працягнуты і ўнутрыпалітычны курс, звязаны з дэнацыфікацыяй, то бок ліквідацыяй наступстваў знаходжання нацыстаў ва ўладзе, недапушчэннем адраджэння нацысцкай ідэалогіі і арганізацый. У 1955 годзе ФРГ увайшла ў НАТА.

У сваю чаргу СССР паціху рэфармавалі ГДР «пад сябе».

Была праведзеная нацыяналізацыя большай часткі прадпрыемстваў, і пачалося стварэнне сельскагаспадарчых кааператываў, накшталт калгасаў. Пачаў стварацца культ асобы камуністычных ідэолагаў: у 1953 Хемніц быў перайменаваны ў Карл-Маркс-Штат, плошча Ландсбергера ў 1968 годзе стала называцца плошчай Леніна, на якой быў усталяваны помнік Леніну. З’явіўся аналаг КГБ — Міністэрства ўнутранай бяспекі, больш вядомае як «Штазі».

Пры гэтым тэрыторыя Германіі, на якой знаходзілася ГДР, найбольш пацярпела падчас вайны. Да таго ж Савецкі Саюз паўплываў на тое, каб адной з галоўных мэтаў развіцця сацыялістычнай Германіі быў уздым цяжкай прамысловасці. Плюс мілітарызацыя ва ўмовах халоднай вайны і рэпарацыі, якія ГДР плаціла таму ж СССР… У выніку ўжо праз некалькі гадоў гэта прывяло да крызісу — пэўныя прадукты выдаваліся па картках, пачалася «ўцечка мазгоў».

У 1953 годзе рабочым ГДР павысілі нормы выпрацоўкі, што выклікала абурэнне, а 17 чэрвеня 1953 у Берліне каля 150 000 чалавек узяло ўдзел ва ўсеагульным страйку. Хваля страйкаў пракацілася і па іншых гарадах і мястэчках, у Берліне і яшчэ 167 раёнах на тыдзень увялі надзвычайнае становішча. Як мяркуюць гісторыкі, гэта паўплывала на суверэнітэт ГДР, які быў абвешчаны ў 1954 годзе. Але гэта толькі на паперы, дэ-факта ж краіна заставалася еўрапейскім фарпостам сацлагера.

 Цікава, што ў параўнанні з СССР жыццё ў ГДР было адносна ліберальным — там захоўвалася шматпартыйная сістэма, не было ганенняў на царкву.

Аб’яднанню Германіі папярэднічаў крызіс у ГДР. Грамадзяне пачынаючы ўжо з 1988 года ўсе больш і больш выступалі супраць рэжыму. У Лейпцыгу, у Дрэздэне праводзіліся так званыя дэманстрацыі па панядзелках, калі народ моўчкі збіраўся і праходзіў па галоўнай плошчы, нічога не кажучы, але тым самым дэманструючы сваё стаўленне да ўлады і жаданне пераменаў. Пасля з’явіўся лозунг «Wir sind das Volk!» («Мы ёсць народ!»), А потым ён зменіцца на лозунг «Wir sind ein Volk!», што азначае «Мы адзіны народ!». Першапачаткова пратэст быў скіраваны на тое, каб атрымаць больш самастойнасці, свабоду ад кіруючага рэжыму ўнутры Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Пасля, з 1989 года, людзі пачалі выказвацца за аб’яднанне з заходняй часткай.

Праз некалькі дзён пасля адзначанага з помпай 40-годдзя Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, 17 кастрычніка, генеральны сакратар ЦК САПГ (Сацыялістычная адзіная партыя Германіі, нямецкі аналаг камуністычнай партыі) Эрых Хонэкер быў зняты з усіх пасадаў. А яшчэ праз месяц, у лістападзе 1989, адбылася падзея, якая стала ключавым пралогам да аб’яднання Германіі — падзенне Берлінскай сцяны.

Аб’яднанне Германіі адбылося праз 11 месяцаў пасля гэтага. Яму папярэднічала рашэнне ўрада ГДР адкрыць мяжу з Заходнім Берлінам. Гэта адбылося 9 лістапада 1989 года. Неўзабаве пасля падзення сцяны (па-нямецку Mauerfall) пачаліся перамовы па формуле «два плюс чатыры» паміж прадстаўнікамі дзвюх нямецкіх дзяржаў і дзяржаў пераможцаў у Другой сусветнай вайне: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

Ідэю аб’яднання адстойваў канцлер ФРГ Гельмут Коль, ён здолеў пераканаць кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова і амерыканскага прэзідэнта Джорджа Буша-старэйшага. Славутая «жалезная лэдзі» Маргарэт Тэтчэр, якая была англійскім прэм’ерам, і французскі лідар Франсуа Мітэран спачатку ставіліся да ідэі скептычна — аб’яднанне дзвюх Германій парушала Ялцінскія пагадненні 1943 г. і стварала легальны прэцэдэнт для іх далейшага перагляду.

Але іх удалося пераканаць, і ў выніку 12 верасня 1990 міністры замежных спраў шасці краін падпісалі ў Маскве «Дамову аб нямецкім адзінстве». А 3 кастрычніка ГДР спыніла сваё існаванне, стаўшы часткай ФРГ.

Шматгадовы падзел краіны не застаўся без наступстваў. І цяпер яшчэ ў нямецкім грамадстве захоўваюцца мянушкі «оссі» і «вэссі» — адпаведна, заходнія і ўсходнія немцы. Але разам з тым уз’яднанне Германіі дазволіла стварыць найбуйнейшую эканоміку Еўропы. Паводле ВВП Германія першая ў Еўразоне і чацвёртая ў свеце.

Аб’яднанне Германіі дазволіла стварыць і найбуйнейшую краіну Заходняй Еўропы па насельніцтве — у ФРГ жыве каля 80 мільёнаў чалавек. Германія з’яўляецца рухавіком Еўрапейскага Саюза, уваходзіць у «Вялікую сямёрку». Пра поспех краіны сведчыць той факт, што Германія з’яўляецца другой ў свеце краінай па папулярнасці іміграцыі пасля ЗША. Яна займае 6-е месца ў свеце, згодна з індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу.

Германія — постіндустрыйная краіна. Яе эканоміка — гэта эканоміка паслуг і эканоміка ведаў. Доля паслуг у ВУП краіны складае 80%. Акрамя таго, ФРГ займае адно з лідзіруючых месцаў у свеце па аб’ёмах экспарту. І гэта пры тым, што краіна амаль не мае карысных выкапняў — выключэнне складае вугаль.

Таксама Германія — адзін з лідараў Еўрапейскага Cаюза. Яна забяспечвае каля 20% бюджэту ЕС, падтрымлівае працэсы пашырэння сувязяў паміж краінамі Еўропы, надае асаблівую ўвагу падтрымцы слабейшых краінаў. Без перабольшання, Еўрапейскага Саюза магло б не быць, каб у далёкім 1990-м адзін народ не дабіўся падзення мура, які дзяліў іх краіну на дзве часткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0