Друкуючы летась у «Нашай Ніве» нарыс пра сям’ю Луцкевічаў, сваё апавяданне я скончыў тым, як пасля этапаў у Мінск (ужо не Менск) вярнулася Эмілія Шабуня, малодшая дачка пана Яна Баляслава, сястра Івана і Антона. У Мінску, пісаў я, заставаліся старэйшая дачка пані Эміліі, Яніна, і сын Эдвард. Гэты сюжэт — Эмілія, Яніна і Эдвард — я абяцаў выкласці ў наступнай публікацыі. Але перада мною паўстала этычная праблема: як растлумачыць чытачам той факт, што ў Яніны Шабуні было, акрамя дзявочага, яшчэ тры прозвішчы?

Дзеля якіх прычын яна тройчы выходзіла замуж? Я вырашыў атрымаць інфармацыю ад Янінінай дачкі, спн. Юліі Андрусышынай. Папрасіў журналістку Валянціну Трыгубовіч, якая жыве ў Штатах і кантактуе з Андрусышынымі, перадаць мае пытанні, але атрымаў адлуп. Спн. Валянціна напісала, што нізавошта не скажа мне да таго часу, пакуль у свет не выйдзе кніга ўспамінаў спн. Юліі Андрусышынай. І вось у ліпені я з ласкі Данчыка, Багдана Андрусышына, атрымаў кнігу ягонае маці «Забыццю не адданае», якая выйшла ў выдавецтве «Лімарыус».

У гэтай кнізе я знайшоў адказы на пытанні, якія спрабаваў задаць летась спн. Юлі. Большай дачцэ Эміліі Шабуні, Яніне, якую ў 1911 г. у Ракуцёўшчыне на руках насіў Максім Багдановіч, «пашанцавала» на слабых мужчын. Першы муж, Вадзім Каралёў, бацька спн. Юлі Андрусышынай, не ўстаяў перад чарамі аднае заезджае спакусніцы. «Паход налева» спн. Яніна яму не даравала. Балазе на развод ужо не патрабаваўся дазвол духоўных уладаў. Другі муж Яніны, Лявон Федаровіч, таксама не мог устаяць, але перад чарамі шклянога бога (эўфемізм, вычытаны ў Вацлава Ластоўскага). Ад другога мужа ў спн. Яніны таксама нарадзілася дачка — Элеанора, у замустве Норык. Муж спн. Элеаноры, Леанард Норык, — чалавек наваградскі (памёр у 2002 г.)

Трэцяе прозвішча спн. Яніны было Каханоўская. Гэтае прозвішча, апынуўшыся на Захадзе, узяў сабе Аўген Калубовіч (1912—1987) — гісторык, мемуарыст, палітычны дзеяч. Гэтым прозвішчам ён падзяліўся са спн. Янінай і яе дзецьмі — хоць спн. Яніна і Калубовіч шлюбу не афармлялі.

У кнізе «Забыццю не адданае» мы можам бачыць і фота маладога Эдварда (Дзюніка) Шабуні і ягонай жонкі Ані (у дзявоцтве Абрамовіч). У іх нарадзілася дачка, названая ў гонар бабулі Эміліяй. Калі ў 1944-м тысячы беларусаў падаліся на Захад, Ганна Шабуня вырашыла застацца разам з дачкою ў Менску каля сваіх бацькоў. Так распалася яшчэ адна сям’я. Эмілія Шабуня-малодшая выйшла замуж за Івана Карповіча. У яе нарадзіліся дачка Ірына і сын, якога назвалі Эдуардам. Пра тое, як склалася жыццё іх дзеда Эдварда Шабуні ў Штатах, можна ўведаць з кнігі ўспамінаў ягонай пляменніцы Юлі Андрусышынай.

Што лепш?

Мяне доўга турбавала, ці засталіся здымкі малодшага з сыноў пана Яна Баляслава, доктара Сцяпана (Стэфана) Луцкевіча (1889—1947), а то здымак маладзенькага вайсковага лекара, апублікаваны 18 верасня 1914 г. у «Нашай Ніве», нельга назваць якасным. У кнізе «Забыццю не адданае» мы бачым не адзін якасны здымак ужо сталага чалавека. І здымак ягонай жонкі Надзеі з Паўлюковых (1896—1953). Доктар Луцкевіч пазнаёміўся з ёю, сястрою міласэрнасці, у Першую сусветную вайну.

Стэфан палітыкай не займаўся. У маладыя гады ён паводзіў сябе як шляхціц старой даты: не цураўся выпіўкі і быў забіякам, нават (на пачатку ХХ стагоддзя!) дуэлянтам. Пасварыўшыся з дружбаком (ці не за паненку?), С. Луцкевіч прастрэліў яму нагу.

У пані Зоф’і Луцкевічавай, мусіць, была не адна бяссонная ноч з-за сыноў. Калі яна наракала на старэйшых, Яна ды Антона, за тое, што пайшлі ў рэвалюцыю ды рызыкуюць здароўем і жыццём, тыя адказалі: «А што, лепш было б, каб мы жылі так, як Стэфан?» Маці заплакала.

Доктар Стэфан Луцкевіч і яго пляменніца, доктар Марыя Шабуня, былі арыштаваныя і апынуліся на поўначы Расіі, у сучаснай Мурманскай вобласці. У адной расійскай публікацыі я вычытаў, што арышты медыкаў і іх высылка на кароткія тэрміны былі своесаблівай мабілізацыяй. Бальшавікі асвойвалі радовішчы карысных выкапняў, будавалі (пераважна сіламі зэкаў) заводы і гарады, і ім патрабаваліся медыкі. А як ніхто добраахвотна не жадаў мяняць Менск ці Віцебск на Мядзведжую Гару і Манчагорск, бальшавікам давялося арыштаваць спецыялістаў. Балазе (у нашым выпадку) яны былі «сацыяльна чужымі», сваякамі вядомага «нацыянал-фашыста» Антона Луцкевіча. Вяртацца пасля сканчэння тэрміну ў Мінск ім было забаронена.

Доктар Стэфан Луцкевіч, як і яго старэйшы брат Ян Герман, памёр ад сухотаў. Дзяцей ён не пакінуў.

Радавод

Радавод у нас пакуль што вядзецца па мужчынскай лініі. Іншы раз пачатак роду губляецца ў тумане мінуўшчыны. Таму мы можам толькі ўмоўна сцвярджаць, што доктар Стэфан і яго браты належалі да сёмага пакалення шляхецкага роду Луцкевічаў.

У ягонай унучатай пляменніцы Алесі ў Вільні захоўваецца выпіска з радаводу. На жаль, не пазначаныя даты жыцця кожнага з Луцкевічаў. Таму можна пісаць у біблейскім духу. Міхал Луцкевіч нарадзіў Францішка; Францішак нарадзіў Юзафа; Юзаф нарадзіў Марціна і братоў яго Міхала, Язафата, Ігната і Андрэя; Марцін нарадзіў Яхіма Юзафа; Яхім Юзаф нарадзіў Яна Баляслава (і брата яго Стэфана); Ян Баляслаў нарадзіў Яна Германа і братоў яго Антона і Стэфана.

З нейкага часу ў сям’і Луцкевічаў ад бацькі да старэйшага сына пераходзіў пярсцёнак з выявай герба «Навіна». Не ведаю, каторы з сыноў Яхіма Юзафа (Ян Баляслаў ці Стэфан, які загінуў у 1863-м) быў старэйшы. Ведаю, што родавы парсцёнак перайшоў ад Яна Баляслава да Яна Германа. Аднаго разу гэты пярсцёнак прапаў, але не назаўсёды. Прыехаўшы ў нейкай патрэбе ў Варшаву, калекцыянер з натуры, Ян Герман не мог абмінуць антыкварныя крамы. Якое ж было яго здзіўленне, калі ў адной з іх ён убачыў пярсцёнак з гербам «Навіна»!..

Іван (Ян Герман) Луцкевіч памёр у 1919 г. у Закапанэ. Да апошняй хвіліны пры ім знаходзілася яго нявеста Юліяна Мэнке. У гэты ж гарадок, каб выканаць усе фармальнасці, з Парыжа, дзе ён быў на мірнай канферэнцыі, прыехаў Антон Луцкевіч. Можна думаць, што тады, у жніўні 1919-га, родавы пярсцёнак Луцкевічаў перайшоў да яго.

Антонавы сыны

Антон Луцкевіч у Парыжы пазнаёміўся з Зоф’яй Абрамовіч, выпускніцай медыцынскага факультэта ўніверсітэта ў Манпэлье. Зоф’я — гэта хрысціянізаваны варыянт імя Сэрка. Зрэшты, пазнаёміцца Антон і Сэрка маглі і ў Вільні, а ў Парыжы іх знаёмства аднавілася і перарасло… Антон вырашыў, што яму пара ажаніцца. Яго намер прывесці ў шляхетную сям’ю Луцкевічаў габрэйку не мог не выклікаць пэўнага супраціву. Супраціў родных адолець удалося, але на перашкодзе паўстаў Касцёл, які ніякім родам не мог удзяліць таемства шлюбу каталіку з іудзейкай. І Антон перайшоў у кальвінізм ды стаў законным мужам Зоф’і Абрамовіч.

Антон і Зоф'я Луцкевічы з сынамі Юркам і Лявонам

Антон і Зоф'я Луцкевічы з сынамі Юркам і Лявонам

Паводле кальвінісцкага абраду былі хрышчаныя абодва сыны Антона і Зоф’і: Юрка (1920—1992) і Лявон (1922—1997). Калі ў 1929 г. з гэтага свету пайшла іх маці, Антон другі раз не жаніўся. Пазбаўлены працы ў гімназіі, абмежаваны ў сродках, ён жыў з сынамі ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Піўной. Як і яго бацькі, Антон дбаў пра адукацыю дзяцей. Яго сыны скончылі Віленскую беларускую гімназію, а потым вучыліся ў электратэхнічным ліцэі школы імя Юзафа Пілсудскага. «Кавалак хлеба» ім быў гарантаваны.

У 1939 г. Юрку Луцкевіча залічылі ў Варшаўскі політэхнічны інстытут, але вучыцца яму не давялося. Мусіў ісці ў Войска Польскае. Навабранца Луцкевіча камандаванне накіравала ў афіцэрскую школу.

Юрка і Лявон Луцкевічы ў Вільніна Каляды 1939 г.

Юрка і Лявон Луцкевічы ў Вільні
на Каляды 1939 г.

Факт вайсковай службы большага сына паўплываў на паводзіны А. Луцкевіча ў 1939-м. Калі Чырвоная Армія набліжалася да Вільні, ён не мог, як іншыя беларусы, перабрацца ў пакуль яшчэ незалежную ковенскую Літву. Не было сумневаў, што польская армія будзе разбітая і Юрка, калі не трапіць у палон, вернецца ў Вільню… Ведама, А. Луцкевічу цяжка было б расстацца і з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, заснавальнікам і ахавальнікам якога ён быў. Трэба ведаць і яго стаўленне да віленскага пытання. У ковенскай Літве выдатна ведалі, што А. Луцкевіч лічыць Вільню беларускаю Меккаю.

30 верасня НКВД арыштаваў Антона Луцкевіча, а 10 кастрычніка Масква перадала Вільню ў склад Літвы. Наўрад ці Луцкевіч мог ведаць, што яго большы сын трапіў у нямецкі палон. У кнізе «Забыццю не адданае» можна ўбачыць здымак, зроблены 26 снежня 1939 г. (другі дзень Калядаў): мы бачым Ю. Луцкевіча на віленскай вуліцы разам з цывільным братам Лявонам. На жаль, пакуль што няма адказу на пытанне: ён уцёк з палону ці немцы адпусцілі дадому?

Лідарам беларускай калоніі ў ковенскай Літве быў колішні дзяржаўны сакратар БНР Клаўдзій Дуж-Душэўскі, прыяцель і дабрадзей Антона. Ён і ўзяў пад апеку ягоных сыноў.

Калі Літву ў ліпені 1940 г. зрабілі савецкай рэспублікай, браты Луцкевічы жылі на паўлегальным становішчы.

Вайна. Няволя

Маючы за спінай гімназію і ліцэй, Ю. Луцкевіч мог працаваць настаўнікам.

Юрка Луцкевіч

Юрка Луцкевіч

Увосень 1941-га, калі галоўны школьны інспектар генеральнай акругі Беларусь святар Вінцэнт Гадлеўскі наладжваў беларускае школьніцтва, браты Луцкевічы сталі педагогамі ў недалёкіх ад «іхняй» Ракуцёўшчыны Радашковічах. Юрка Луцкевіч стаў дырэктарам сямігадовай школы і настаўнікам матэматыкі, а Лявон выкладаў беларускую мову і літаратуру. На гэтай працы яны заставаліся да снежня 1942-га, а потым пераехалі ў Баранавічы, дзе была прагімназія. Былы вучань гэтай прагімназіі доктар Янка Запруднік згадвае братоў Луцкевічаў як сваіх ментараў.

Калі нацысты нарэшце дазволілі беларусам ствараць узброеныя сілы, браты Луцкевічы — абодва сябры падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі — пайшлі ў Беларускую краёвую абарону, сталі яе афіцэрамі. Пазней абодва апынуліся ў складзе беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц». Разам з Усеваладам Родзькам яны ўвесну 1945-га перабраліся ў Польшчу дзеля арганізацыі антыбальшавіцкага падполля і партызанкі і жылі ў Варшаве як Кшывіцкія (тут дарэчы згадаць, што Лявон Крывіцкі — літаратурны псеўданім Л. Луцкевіча). Пад канец 1945-га братоў арыштавалі і па этапе адправілі на ўсход.

У час вайны СССР страціў дзясяткі мільёнаў людзей, людзей пераважна працаздольных. Рабочых рук не хапала і на «волі», і ў лагерах. І галоўны кат вырашыў на пэўны час скасаваць пакаранне смерцю. Братоў Луцкевічаў, праўдападобна, судзілі пасля ўказа ад 26 мая 1947 г. Прысуд ім вынеслі стандартны — 25 гадоў. Так браты Луцкевічы апынуліся на Калыме.

Адукацыя дапамагала выжыць у суровых умовах савецкай «зоны». Так, маючы дыпломы электратэхнікаў, браты ў зняволенні працавалі па спецыяльнасці, а Ю. Луцкевіч пабыў яшчэ і фельчарам — прыдалося веданне лаціны, якую старанна вывучыў у гімназіі.

Жонкі Антонавых сыноў. Унукі

Далей я больш увагі надам Юрку Луцкевічу. Гэта тлумачыцца тым, што ў ягонага брата Лявона, жанатага з Галінай Войцік (1927—2007; дачка беларускага дзеяча і літаратара Антона Войціка і Зоські Верас), не было дзяцей.

А значна раней на Калыме пачалася рамантычная гісторыя.

Можна гадаць, што пацягнула маскоўскую камсамолку Ніну Злыгосцеву і ейнага брата на Калыму — рамантыка ці паўночныя надбаўкі. Па камсамольскай пуцёўцы яны апынуліся ў Магаданскай вобласці. І так собіла, што з маладзейшай на 15 гадоў Нінай Злыгосцевай пазнаёміўся вольнапасяленец Юрка Луцкевіч. (З лагера ён выйшаў 14 жніўня 1956 г., а потым здабываў золата, быў «старацелем», зарабляў грошы: сын прэм’ер-міністра БНР, беларускі афіцэр, вярнуўшыся ў Вільню, павінен выглядаць прэзентабельна.)

Пазнаёміліся і пазнаёмілася. І раз’ехаліся.

У нас няма дакладнай даты вяртання Юркі Луцкевіча ў Вільню. Прыехаўшы, ён уладкаваўся на працу ў сістэме літоўскага Міністэрства будаўніцтва, у электрамантажным трэсце. Працаваў інжынерам, хоць афіцыйна лічыўся электратэхнікам 6-га разраду. Гэта была самая высокая пасада, якую мог заняць Луцкевіч: судзімасць з яго знялі, але не рэабілітавалі.

Тут я мушу ўдакладніць: калі Ю. Луцкевіч пазнаёміўся з Н. Злыгосцевай, яна ужо была замужам, а летам 1957 года нарадзіла сына Сяргея. А потым развялася са сваім першым.

І вось паміж Вільняю і Масквою завязалася перапіска. Вынікам стала тое, што Ніна Злыгосцева пераехала (ці не ў 1967 г.?) у Вільню і стала жонкаю Юркі Луцкевіча. Сяргея Луцкевіч усынавіў, даў яму сваё прозвішча. У часы ВКЛ у шляхецкім асяроддзі гэта называлася адопцыяй. А неўзабаве, 5 лютага 1969 г., у Ю. Луцкевіча і яго жонкі нарадзілася дачка Алеся. І ўжо калі Ніне Луцкевіч было пад сорак, 8 сакавіка 1974 г. яна нарадзіла сына, якому далі імя Іван.

Антонавы праўнукі

Ю. Луцкевіч дбаў пра адукацыю сваёй дачкі. Калі Алеся скончыла школу, бацька разам з ёю паехаў у Шаўлі, у тамтэйшы педагагічны інстытут, дзе рыхтавалі дэфектолагаў. Шавельскі інстытут бацьку не спадабаўся, і ён паехаў з дачкою ў сталіцу БССР. У Мінску Алеся Юр’еўна Луцкевіч стала дыпламаваным дэфектолагам. Яна і сёння практыкуе сваю спецыяльнасць.

З Беларусі, з Краснапольскага раёна, паходзіць і яе муж, мастак Алесь Поклад. У 1998 г. у Алесі Луцкевіч і Алеся Поклада нарадзіўся сын Ян. Хлопец цяпер на раздарожжы: куды ісці вучыцца пасля гімназіі?

Антонаў унук Іван у год смерці маці быў падлеткам. Пасля школы ён паступіў на факультэт беларускай філалогіі Віленскага педуніверсітэта. Тут было не без уплыву бацькі і дзядзькі. Бацька вадзіў яго, падлетка, на пасяджэнні віленскага Таварыства беларускай культуры, у якім рэй вёў дзядзька, а таксама вазіў у лясную хатку, дзе жыла дзядзькава цешча Зоська Верас, і ў Ракуцёўшчыну… Пэўную ролю ў лёсе Івана адыграў і сын яго траюраднай сястры Юлі Андрусышын, на 16 год старэйшы за свайго дзядзьку Данчык. І яго сябрук Леанід Барткевіч таксама. Праўда, Івану да сэрца больш прыпала іншая форма музычнага мастацтва — джаз.

Захапленне джазам прывяло Івана Луцкевіча… у Ізраіль. Пабыўшы там адзін раз, у 2008 г. Іван Луцкевіч падаўся ў Святую Зямлю другі раз. На гэты раз з празаічнай мэтай — падзарабіць. Працаваў шафёрам у ваколіцах Тэль-Авіва. І не проста шафёрам, а начным. Юрка Луцкевіч, нагадаю, знайшоў сваю Ніну на Калыме, а яго сын Іван сваю гомельку Вольгу — у Ізраілі. Там і ажаніўся. Там у іх у 2010 годзе нарадзіўся сын Міхаэль (Міхась). Натуем: Міхаэль Луцкевіч, праўнук прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, мае права прэтэндаваць на крэсла прэзідэнта ці прэм’ер-міністра Ізраіля. На гэтыя пасады можа разлічваць і Юрка Луцкевіч, яшчэ адзін Антонаў праўнук, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Унук Антона Луцкевіча — Іван з жонкай Вольгай і сынамі Міхасём і Юркам

Унук Антона Луцкевіча — Іван з жонкай Вольгай і сынамі Міхасём і Юркам

У 2013 годзе Іван, Вольга, Міхась і Юрка Луцкевічы пераехалі ў Вільню. Малыя ўжо пабывалі ў Гомелі. Там жыве іх бабуля.

* * *

…І зноў радавод. Міхал Луцкевіч нарадзіў Францішка; Францішак Луцкевіч нарадзіў Юзафа; Юзаф Луцкевіч нарадзіў Марціна і братоў яго Міхала, Язафата, Ігната і Андрэя; Марцін Луцкевіч нарадзіў Яхіма Юзафа; Яхім Юзаф нарадзіў Яна Баляслава (і брата яго Стэфана); Ян Баляслаў нарадзіў Яна Германа і братоў яго Антона і Стэфана; Антон нарадзіў Юрыя і брата яго Лявона; Юры нарадзіў Івана; Іван нарадзіў Міхаэля (Міхала) і брата яго Юрыя. Каго народзяць Антонавы праўнукі — пакажа час. Род Луцкевічаў глядзіць у будучыню.

А родавы пярсцёнак з гербам «Навіна»? Ад Яна Баляслава ён перайшоў да Яна Германа. У Яна Германа ён быў прапаў, але знайшоўся. Ад Яна Германа пярсцёнак перайшоў да Антона. Антон (мабыць, у дзень арышту праз Лявона) перадаў яго Юрку. Арыштаваўшы Юрыя Антонавіча Луцкевіча, гэбісты арыштавалі і родавы пярсцёнак. Мо некалі хто з калекцыянераў натрапіць на яго…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?