Найбліжэйшым часам дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі разгледзіць пытанне аб увядзенні абмежаванняў на ўвоз рыбнай прадукцыі з Латвіі і Эстоніі.

Як паведаміла прэс-служба Рассельгаснагляда, пра гэта заявіў 30 верасня ў Маскве намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Півавар на рабочай сустрэчы з намеснікам кіраўніка Рассельгаснагляда Яўгенам Непаклонавым.

Непаклонаў паведаміў, што ўсяго па ветэрынарных суправаджальных дакументах, аформленых ветэрынарнымі службамі Латвіі і Эстоніі, з пачатку чэрвеня па канец верасня гэтага года ў Беларусь з Латвіі была ўвезеная 1.321 тона рыбнай прадукцыі (рыба марожаная, кансервы рыбныя), з Эстоніі — 3.398 тон (рыба марожаная, у тым ліку салака, кілька, брушкі, хрыбты ласося, ікра селядца салёная марожаная і інш.). За той жа перыяд з Беларусі ў Расію паступіла звыш 1.900 тон кількі і салакі марожанай, вэнджанай, вострага пасолу.

Пры гэтым, падкрэсліў Непаклоноў, размова ідзе аб прадукцыі, якая не толькі трапіла пад эканамічныя меры ў адказ і пасля мінімальнай перапрацоўкі ў Беларусі можа ўвозіцца ў Расію, а таксама аб прадукцыі, прызнанай паводле вынікаў інспекцыі патэнцыяльна небяспечнай. У адпаведнасці з заканадаўствам былі прынятыя рашэнні аб забароне яе ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС. «Ёсць усе падставы меркаваць, што рыбная прадукцыя, выпрацаваная беларускімі прадпрыемствамі з патэнцыяльна небяспечнай сыравіны, дапускалася беларускімі ўпаўнаважанымі органамі для сертыфікацыі на расійскі рынак без абмежаванняў. І цяпер, парушаючы патрабаванні заканадаўства ЕАЭС, Беларусь працягвае ўвоз рыбнай прадукцыі з Латвіі і Эстоніі. У шэрагу выпадкаў дапускаецца ўвоз прадукцыі з прадпрыемстваў гэтых краін, закрытых для паставак у Расію яшчэ ў 2013—2014 гадах», — адзначыў Непаклонаў.

Васіль Півавар паведаміў аб «узмацненні мер кантролю за вытворцамі гатовай рыбнай прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расію, скіраваных на выключэнне выкарыстання пры вытворчасці такой прадукцыі сыравіны, што паступіла з Латвіі і Эстоніі».

Рассельгаснагляд выказаў гатоўнасць праінспектаваць у пачатку кастрычніка гэтага года беларускія прадпрыемствы, якія маюць права паставак сваёй прадукцыі на расійскі рынак. Беларускім бокам прапанова прынятая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?