Вядомая журналістка і пісьменніца Юлія Латыніна ў сваёй перадачы на «Эхо Москвы» закранула тэму Рэспублікі Комі, якая ўваходзіць у склад Расіі. Прычынай для гэтага быў арышт былога кіраўніка Комі Вячаслава Гайзера, якога абвінавачваюць у адмыванні грошай.

Напрыканцы праграмы Латыніна здзівілася, што, аказваецца, у школах Рэспублікі Комі вывучаецца мова комі. «Мяне гэта ўзрушыла», — прызнаецца Латыніна.

«У школах Рэспублікі Комі ўкаранялася навучанне вучняў комі мове, што, натуральна, выклікала незадаволенасць бацькоў. Насамрэч гэтая гісторыя мяне абсалютна ўразіла, таму што ну вось, у нас Уладзімір Уладзіміравіч тыпу адстойвае інтарэсы рускіх. Адна з рэчаў, пра якія, адстойваючы інтарэсы рускіх, варта падумаць, гэта тое, што савецкае фальшывае дзяленне на рэспублікі замест ранейшых губерняў стварае патэнцыял наступнага распаду краіны.

Калі ў Рэспубліцы Комі пачынаеце расказваць, што там у асноўным жывуць не рускія, а жывуць комі, ды яшчэ вучыць мову — цалкам безадносна да Гайзера — гэта такая дурасць, якой проста не чакаеш ад людзей, якія так сканцэнтраваны на інтарэсах абароны рускіх».

Мова Комі адносіцца да фіна-вугорскіх. На ёй размаўляюць у Комі, Пермскім краі, Кіраўскай вобласці. Паводле перапісу 2010 года, каля 220 тысяч чалавек з’яўляюцца носьбітамі мовы комі. На ёй выходзіць некалькі газет, часопісаў, інтэрнэт-сайтаў. Газета «Комі му» мае наклад у межах 7 тысяч асобнікаў.

Варта адзначыць, што ў 2011 годзе Міністэрства адукацыі Комі ўвяло абавязковае вывучэнне комі мовы з першага класа. Прычым гэта тычыцца не толькі карэннага насельніцтва рэгіёна. Школы маглі выбіраць форму навучання мове — як «роднай» (да 5 урокаў у тыдзень) і як «дзяржаўнай» (2 урокі).

Паводле звестак 2011 года, у Расіі ёсць 80 дзіцячых садкоў, дзе выхаванне вядзецца на мове комі. А вось школы, дзе асноўнай мовай навучання была б комі, няма ніводнай.

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у фэйсбуку гэтак пракаментаваў словы Юліі Латынінай: «Проста цудоўная цытата, якую нават і каментаваць патрэбы няма — настолькі яна красамоўная. «Ісцінна рускі» чалавек як ён ёсць. Прытым гэта не нейкі шавініст-чарнасоценец вяшчае, а асоба нібыта з дэмакратычнага лагера. Не, гэтую краіну нічога добрага не чакае».

Варта нагадаць, што ў разгар чарговага беларуска-расійскага газавага канфлікту Юлія Латыніна заклікала ўвесці ў Беларусь расійскія войскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?