01.10.2015 / 21:10

Меркаванне: «Ласунак» — дзяржаўная крама сярэдняй паршывасці, а не «культавае месца» 14

Піша Кірыла Хілько.

З 1 кастрычніка мінская крама «Ласунак», цэнтральная кандытарская крама Беларусі, мусіла закрыцца. Мінгарвыканкам казаў, што на мадэрнізацыю, чуткі — каб стаць чарговым казіно. Яно і не дзіва, улічваючы, што «Ласунак» месціцца ў самым цэнтры сталіцы, над станцыямі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», за хвіліну хады ад ГУМа, Кастрычніцкай плошчы і Адміністрацыі прэзідэнта. Увогуле дзіўна, як у прынцыпе кандытарскай краме ўдалося захаваць гэта памяшканне.

Аднак планы зацікаўленых у элітнай нерухомасці сутыкнуліся з пратэстам беларускай грамадскасці. Яно — беларускае грамадства — даволі часта абараняе тое, чаго нядрэнна было б пазбавіцца, і праходзіць міма таго, на што было б нядрэнна звярнуць увагу. Тое самае адбылася і з «Ласункам». На адрас мінскіх уладаў пасыпаліся папрокі ў тым, што зачыняюць «культавую» краму, якая паспела стаць «брэндам горада». (Менавіта так называлі «Ласунак» некаторыя выданні.)

У выніку Мінгарвыканкам рэціраваўся і заявіў, што закрываць «Ласунак» 1 кастрычніка не збіраюцца, а калі і закрыюць на рэканструкцыю, дык захаваюць за ім функцыю кандытарскай крамы.

Асабіста я ў «Ласунак» заходзіў нячаста. У адрозненне ад былой старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай, вокны майго працоўнага месца не глядзяць на гэту краму і наўрад ці будуць. Але ж я бываў у «Ласунку» і ўяўляю сабе, што гэта за месца. Колькі дзён таму падчас прагулкі па цэнтры вырашыў завітаць туды яшчэ раз — а раптам усё ж закрыюць, можа мне выпадае апошняя ў жыцці магчымасць пабываць у «культавай краме».

Я доўга думаў над словамі, якімі можна коратка апісаць «Ласунак», але ў галаву прыйшло толькі «дзяржаўная крама сярэдняй паршывасці».

У «Ласунку» сапраўды вялікі выбар цукерак. Але дзіўна, калі б у спецыялізаванай кандытарскай краме не было б вялікага выбару слодычаў. Усё іншае — як звычайна. Менавіта так: як звычайна, як паўсюль. Непрыгожыя корпусныя прылаўкі з ДСП, стомленыя прадавачкі ў непрыгожай уніформе, непрыгожыя вертыкальныя жалюзі, непрыгожыя белыя пластыкавыя кабельныя каналы, прымацаваны акурат пасярод звычайных шэрых сцен… Любы кандытарскі аддзел любой дзяржаўнай крамы выглядае менавіта так, бо яго намагаюцца абсталяваць максімальна танна і ўтылітарна, каб прадаваць цукеркі. Пра «дух месца», яго эстэтыку ў нас клапоцяцца рэдка.

Але фабрычныя цукеркі самі сабой не зробяць месца «культавым», не зробяць яго «брэндам» горада. Для гэтага патрэбна штосьці большае, і, што важна, штосьці ўнікальнае. У «Ласунка» ёсць патэнцыял — крама існуе з 1952 года, яна магла б сапраўды быць брэндам, крамай цукерак, пераступіўшы парог якой, апынаешся ў тым самым 52-м! Аднак кіраўнікі «Ласунка» зрабілі ўсё магчымае, каб гэты патэнцыял знішчыць.

Гарадскі партал «Сіцідог» у артыкуле пра «Ласунак» апублікаваў стары чорна-белы фотаздымак «Ласунка» (відаць, 1950—60-х гадоў) з подпісам «унутры крамы за шмат гадоў амаль нічога не змянілася». Але як так? Як не змянілася? Паглядзіце на здымак! Дзе увесь гэты раскошны сталінскі ампір? Дзе скругленыя вокны з ляпнінай? Чаму іх зрабілі прастакутнымі і шэрымі? Дзе цудоўная вітрына-слупок з дзіўнымі вазамі на даху? Дзе будка касіра з наборных цёмных і светлых дошак «елачкай»? Чаму столь з гіпсавымі разеткамі замянілі на брыдкі люстэркавы сайдынг?

У Рыме любы экскурсавод параіць пакаштаваць марожанае ў месцы пад назвай Giolitti. Гэта крама-кавярня адкрылася ў 1900 годзе і паспяхова працуе дагэтуль. Калі ўваходзіш у Giolittі, трапляеш у пачатак XX стагоддзя. Калі ўладальнікі штосьці і змянялі, дык з густам, каб не парушыць суцэльнае ўражанне. І марожанае тут надзвычай смачнае, але ў Італіі шмат смачнага марожанага, а крама Giolittі ў Рыме — унікальная.

Можна прывесці мноства падобных прыкладаў. «Брэндавае месца» можна адчуць, проста трапіўшы ў яго. Але як зразумець, што «Ласунак» — незвычайная крама? Прачытаць на стэндзе «Куток пакупніка»? Бо калі стомленая прадавачка ў непрыгожай уніформе пытаецца «вам пірожнае на паперку?» і, пачуўшы згоду, кладзе замову на адарваны рукамі кавалак зеленаватай абгортачнай паперы з няроўнымі краямі, узнікаюць асацыяцыі не з чымсьці светлым, а з Савецкім Саюзам.

Аднавіўшы класічныя інтэр’еры, вярнуўшы «Ласунку» святочную і злёгку пампезную атмасферу галоўнай сталічнай кандытарскай крамы, можна было б накіраваць цяперашні «аб’ект гандлю» ў бок ператварэння ў культавую краму. На жаль, для гэтага патрэбна шмат грошай, спецыялісты і любоў да свайго горада.

Разам з тым я разумею і абаронцаў гэтага малапрывабнага месца. Кандытарская крама звычайна асацыюецца з дзяцінствам, а часта менавіта дзіцячыя ўспаміны — самыя чыстыя і радасныя, незалежна ад таго, наколькі цяжкім быў перыяд, на якое яно прыйшлося. І людзі, што дзясяткі гадоў таму заходзілі з бацькамі ў «Ласунак», баяцца, што ў іх аднімуць гэтае сакральнае месца, разам з гэтым прытупіўшы радасць ад вяртання ў яго. А беларуская рэчаіснасць, адбіраючы старыя, нячаста дорыць новыя моманты шчасця.

Кірыла Хілько 

0
Супрацiу / Адказаць
01.10.2015 / 21:31
Згодзен-савок, але я за гэты савок, чым за канекрадава казiно , альбо публiчны дом замест гэтага магазiна
0
Анна / Адказаць
01.10.2015 / 21:50
ну так давайте создадим петицию и вернум ампир в Лакомку, соглана, что автор мае рацыю,
0
reiszel / Адказаць
01.10.2015 / 21:56
як па мне дык вельмі нязручна выбіраць цукеркі стоячы у чарзе. нашмат лепей так як у гіперы: памацаеш пудэлак, агледзіш з усіх бакоў і вырашыш ці варта гэта купляць. а наконт сайдынгу то аўтар мае рацыю - гэта сорам, безгустоўе. за столькі гадоў "паспяховай працы" не змаглі назбіраць на рэканструкцыю? зараз мо яшчэ з бюджэту аплочваць будаўнічыя работы ?!
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру