Інфармаванне ўдзельнікаў працэсу аб часе і месцы судовага разбору праз СМС адпавядае закону, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным 1 кастрычніка на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.

Нагадаем, гэтая тэма ўзнікла пасля атрымання такога роду паведамленняў арганізатарамі і ўдзельнікамі несанкцыянаваных акцый у верасні гэтага года ў Мінску.

«Пры сучасным развіцці інавацыйных тэхналогій выкарыстанне пераваг мабільнай сувязі відавочнае. СМС-паведамленне — па сутнасці судовая позва, якая высылаецца праз СМС, — шырока выкарыстоўваецца ў краінах з дастаткова высокім узроўнем развіцця электроннага судаводства. Напрыклад у Казахстане, Расіі, ва Украіне, у Літве, — адзначаюць у ВС. — У Беларусі выкарыстанне іншых сродкаў сувязі для накіравання судовых позваў, у прыватнасці такога віду сучаснай камунікацыі, як СМС-паведамленне, пра час і месца судовага пасяджэння юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб рэгламентаванае працэсуальнымі нормамі і дзейнымі ў судах агульнай юрысдыкцыі інструкцыямі па справаводстве».

Напрыклад, пленум Вярхоўнага суда ў пастанове ад 21 снежня 2012 года «Аб практыцы разгляду спраў у парадку завочнай вытворчасці» арыентаваў суды на тое, што адказчык прызнаецца належна паведамленым аб часе і месцы судовага пасяджэння пры выкананні патрабаванняў аб змесце судовага паведамлення, спосабе і тэрміне яго ўручэння (артыкулы 143—145), а ў выпадках пражывання адказчыка за межамі Беларусі — пры выкананні палажэнняў міжнародных дагавораў, у прыватнасці Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, ажыццёўленай у Мінску 22 студзеня 1993 года, і пратакола да яе, падпісанага ў Маскве 28 сакавіка 1997 года, Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, ажыццёўленай у Кішынёве 7 кастрычніка 2002 года.

Пры гэтым спосаб судовага паведамлення павінен забяспечваць яго фіксаванне (частка 2 артыкула 143 ГПК). У неабходных выпадках інфармаванне дапускаецца з выкарыстаннем электрасувязі (тэлефанаграмы, СМС-паведамлення) пры фіксацыі факта адпраўлення і дастаўкі такога паведамлення адрасату.

Пры разглядзе эканамічных спраў суд таксама мае права праінфармаваць удзельнікаў працэсу праз тэлефанаграму, тэлеграму, факсімільную сувязь, інтэрнэт, у тым ліку электронную пошту, а таксама з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі, якія забяспечваюць фіксаванне факта паведамлення або выкліку, у парадку, устаноўленым заканадаўствам (артыкул 140 ГПК).

Дапушчальнасць інфармавання праз СМС прадугледжаная і ПВКоАП, адзначаецца ў паведамленні Вярхоўнага суда. 

Да прыкладу, згодна з часткай 1 артыкула 10.9 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях асоба, якая ўдзельнічае ў адміністрацыйным працэсе, выклікаецца ў суд, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, позвай, што ўручаецца гэтай асобе пад распіску, а ў выпадку яе часовай адсутнасці — паўналетняму члену яе сям'і, наймальніку, з якім яна знаходзіцца ў працоўных адносінах, адміністрацыі ўстановы адукацыі, у якой яна вучыцца. Юрыдычная асоба, якая ўдзельнічае ў адміністрацыйным працэсе, пра выклік яе прадстаўніка ў суд, орган, што вядзе адміністрацыйны працэс, інфармуецца позвай, накіраванай па месцы знаходжання юрыдычнай асобы. Выклік асобаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, можа быць зроблены таксама позвай, што высылаецца па пошце, тэлефанаграмай або з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі.

Інструкцыі па справаводстве, дзейныя ў судах агульнай юрысдыкцыі, таксама ўтрымліваюць указанне аб дапушчальнасці паведамлення праз СМС. У прыватнасці пункт 106 раздзела 7 «Падрыхтоўка справы да судовага пасяджэння» інструкцыі па справаводстве ў раённых (гарадскіх) судах, зацверджанай загадам старшыні ВС ад 6 кастрычніка 2014 года № 81, вызначае, што спосаб судовага паведамлення і выкліку асобаў павінен забяспечваць іх фіксаванне. Асобы могуць быць выкліканыя ў судовае пасяджэнне тэлефанаграмай, тэлеграмай, праз электронныя і СМС-паведамленні пры фіксацыі факта адпраўлення і дастаўкі такога паведамлення адрасату. Аб ажыццяўленні названых дзеянняў сакратаром судовага пасяджэння — памочнікам суддзі складаецца даведка, якая далучаецца да матэрыялаў справы.

«Такім чынам, інфармаванне ўдзельнікаў судовага працэсу аб часе і месцы судовага пасяджэння праз накіраванне СМС-паведамлення, калі яно адпавядае зместу судовай позвы і зафіксаваны факт яго адпраўлення і дастаўкі, з'яўляецца належным», — гаворыцца ў паведамленні ВС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?