«Цяпер у Менску разглядаецца новы генплян разьвіцьця гораду, — расказаў учора журналістам старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Нікіцін. — У папярэднім генпляне, прынятым у 2003 годзе, мы пакідалі 12‑15 адсоткаў індывідуальнай сядзібнай забудовы ў межах гораду. У новым пляне разьвіцьця застанецца толькі 3‑4 адсоткі. Але гэта будзе жыльлё высокага ўзроўню з сваёй інфраструктурай.
Ужо дакладна вядома, што зьнясуць вёску Дружбу на ўезьдзе ў горад з боку Берасьця, праца бульдазэрыстам знойдзецца ў пасёлку трактарабудаўнікоў у Партызанскім раёне, зьнікнуць адна‑двухпавярховыя пабудовы на вуліцах Арлоўскай, Усходняй. У гэтых месцах зьявяцца сучасныя жылыя раёны, да будаўніцтва якіх будуць прыцягнутыя інвэстары.
«Горад бярэ на сябе абавязальніцтва зьнесьці старыя дамы, даць людзям жытло і толькі пасьля пусьціць на гэтую тэрыторыю інвэстара, — тлумачыць Віктар Нікіцін. — Але інвэстар павінен будзе кампэнсаваць выдаткі гораду. Гэта агульнасусьветная практыка.
Відавочна, што галоўная праблема, зь якой сутыкнуцца архітэктары, — адсяленьне жыхароў. На скрыжаваньні праспэкту Дзяржынскага і вуліцы Шчорса, дзе цяпер будуецца мэтро «Грушаўка», плянавалі зьнесьці дамы яшчэ летась у верасьні. Аднак прапанаваныя варыянты перасяленьня жыхароў не задаволілі. Людзі судзяцца, а дамы як стаялі, так і стаяць.
У сельгаспасёлку Савецкага раёну дзясяткі катэджаў у два‑тры паверхі. Наўрад ці іх жыхары захочуць прамяняць сваё жыльлё на кватэру тыповых спажывецкіх якасьцяў у панэльным шматпавярховіку дзе‑небудзь на ўскраіне Менску.
«У будучыні канфліктаў быць ня мусіць, — упэўнены начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Менгарвыканкаму Мікалай Ком. — Цяпер распрацоўваецца праект нарматыўна‑прававога акту, які ў поўнай меры забясьпечыць гарантыі й правы грамадзян пры адбіраньні зямельных участкаў і зносе дамоў. Жыльлё будзе ўзычацца памерам ня меншым за займанае. У іншым выпадку прадугледжаная кампэнсацыя.