Ніколі не быў у Магілёве і нават на Магілёўшчыне. Не бачыў мясцовых людзей, не гаварыў з імі, але падазраваў, што дзе расійская мяжа – там усё, пра што я здагадваўся, але баяўся думаць. Таму, калі Таццяна прапанавала пракаціцца разам з ёй і паглядзець, як праходзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, — я адразу пагадзіўся.

Па-першае, я люблю пераконвацца ва ўласнай праваце, па-другое, люблю стан тыпу «слава-богу-я-памыляўся». Так што ў любым выпадку я ў плюсе.

Справа была ў пятніцу, а ў аўторак у «размове з Мацкевічам» на Белсаце я казаў, што вакол нас адныя оруэлаўскія пролы, якім, па вялікім рахунку, цікавыя толькі піва і латарэі, таму ў добрай кампаніі, думаў, з’ездзіць і даказаць сабе слушнасць оруэлаўскай жа максімы: «Яны ніколі не ўзбунтуюцца, пакуль не стануць свядомымі. А свядомымі яны не стануць, пакуль не ўзбунтуюцца».

Выязджалі мы раніцай.

Дэманічны агент КДБ Дзмітрыеў неяк па-бацькоўску папраўляў каўнерык на агенце Караткевіч і перадаваў апошнія інструкцыі з цэнтра.

Агент Караткевіч радасна крычала, што паспела захапіць у дарогу булачкі і яблыкі.

Каманда легітымізатараў рэжыму ад'язджала з Ленінградскай на ўсход.

Каманда — гэта хто?

Таццяна Караткевіч. Кандыдат у самі ведаеце каго. Леанід Спаткай, эксперт па дзяржаўнай бяспецы і вайсковых пытаннях. Жанна Семянтовіч, каардынатар жаночай суполкі БСДП (Грамада). Уладзіслаў Цітовіч, прадпрымальнік. Алег Мяцеліца, прадпрымальнік. Ён далучыўся ў Берэзіне. Ну і я. Баласт.

У дарозе Спаткай расказваў пра нашыя ваенныя перспектывы, парадаваўшы мяне тым, што пры ўсёй «ватнасці» нашага войска яно-такі – прабеларускае. І калі рускі танк – тыр-тыр-тыр, то (па ягоных назіраннях і размовах) падобна на тое, што са слязьмі на вачах нашы «прапаршчыкі» выберуць сінявокую, а не златаглавую. Карацей, слава-богу-я-памыляўся. Ну ці Спаткай.

Беразіно

Першым пунктам у маршруце было пазначана Беразіно. Тут нас сутракалі Павел Вінаградаў, ягоны бацька Юрый, а таксама Алег Мяцеліца.

Гледзячы на сцэну іх сустрэчы праз фотаапаратны аб’ектыў, я, ведаеце, усё пракручваў у галаве словы Уладзіміра Мацкевіча: «да 2015 ён (Вінаградаў) пачаў нешта разумець у гоп-кампаніі. І стаў зусім некіравальным, таму ад яго проста пазбавіліся. Прычым так «элегантна», што ён сам думае, што гэта яго ўласнае рашэнне, нібыта гэта не яго сышлі, а ён сам сышоў. А яго проста паматросілі і кінулі. Паколькі ў ход быў запушчаны іншы, чым у 2010 годзе, сцэнар».

Гледзячы на сцэну іх сустрэчы праз фотаапаратны аб’ектыў я, ведаеце, усё пракручваў у галаве словы Уладзіміра Мацкевіча «да 2015 ён (Вінаградаў) пачаў нешта разумець у гоп-кампаніі. І стаў зусім некіравальным, таму ад яго проста пазбавіліся. Прычым, так «элегантна», што ён сам думае, што гэта яго ўласнае рашэнне, нібыта гэта не яго сышлі, а ён сам сышоў. А яго проста паматросілі і кінулі. Паколькі ў ход быў запушчаны іншы, чым у 2010 годзе сцэнар.»

Пасля я узгадваў, як ва ўкраінскім Крыме мясцовыя жыхары расказвалі мне, як мы, беларусы, добра жывем пры Лукашэнку. Узгадваў як на радзіме мне расказвалі як добра жыву персанальна я пры лукашэнку. Узгадваў і думаў, як лёгка складваюцца бліскучыя гіпотэзы пры дапамозе жадання выказвацца і нежадання правяраць жыццяздольнасць выказвання.

Ці пытаў спадар Мацкевіч «Павел, а што ты сам думаеш на гэты конт?» Не пытаў. Ці цікавіла гэтая акалічнасць людзям, якія ўпадабалі ягоны пафасны допіс і абмяркоўвалі, як жа здрадзілі Пашы праклятыя ГоПы? Не цікавіла.

Чым адрозніваецца гэта ад плыні выкрыванні ворагаў і разбурэння калон на базе сваіх уяўленняў пра рэчаіснасць, якімі дзеліцца з намі БТ? Па-мойму нічым.

Дык ці ёсць у мяне шанец паўплываць на цябе, мой дарагі чытач сваімі аргументамі? Ну вось гэтай фоткай?

Па дарозе я круціў галавой па баках, шукаючы расійскія сцяжкі і георгіеўскія стужкі. І праявы рускай патрыярхальнай духоўнасці. Але не знайшоў.

10 раніцы ў рабочы дзень. На рынку малалюдна. Прадавачкі абступаюць Таню, расказваюць, што праз год іх тут не будзе, і нічога не будзе, і што надзеі няма.

У прынцыпе, надзеі кожны год няма, але прадавачкі ўсё ёсць, таму я, не баючыся, пакінуў іх на пару хвілін і абследаваў ваколіцы, збочыўшы з «цэнтральнай плошчы» міні-рынка.

— Паслухайце Таню Караткевіч. Яна тут зараз выступае, — прапаную я жанчыне гадоў 60-ці, якая сумна ўсміхаецца мне, перабіраючы свой тавар.

— А што слухаць. Я па тэлебачанні ўжо ўсё паслухала. Буду за яе галасаваць.

На ўскрайку рынку да мяне адразу збягаюцца сабачкі і разбягаюцца работнікі спецслужбаў.

Cпецслужбоўцы, дарэчы, спачатку хаваліся. Пасля — не вельмі хаваліся.

А пасля – паддаліся абаяльнасці Мяцеліцы і растаялі.

На адным канцы рынка.

— Вазьміце ўлётачку.

— Дзякуй.

На другім канцы рынка.

— Вазьміце ўлётачку.

— Дзякуй. Нам адной на дваіх хопіць.

Так Юстас спаліў Алекса.

Убачыўшы, што «службы» чытаюць і не дымяцца з-пад каскі, жанчына, якая ўвесь час баялася сфатаграфавацца, гэтым разам не адвярнулася. Не адвярнулася і прадэманстравала, зазіраючы Юстасу праз плячо, што ўлётка, якая ў руках «у іх», больш правільная, чым тая, якая ў руках у яе.

Далей за гэты пункт Паша нас праводзіць не можа. Беразіно. Чакаем яго ў Мінску. Заязджаем у госці да Алега Мяцеліцы. І далей у Бялынічы.

Бялынічы

Бялынічы прыўкрасны. Нягледзячы ні на што, і нават на скульптуры.

Працэс легітымізацыі рэжыму адымае шмат сіл і хочацца есці, але графік складзены такім чынам, што паспяваем адно купіць у шапіку кавы і з’есці булачкі, якія ўзяў запаслівы кандыдат.

Не распрадала, а раздала. Звярніце ўвагу.

Каля пікета, што знаходзіцца ля мясцовага дома культуры, Таццяну сустракаюць актывісты «Гавары праўду». Якія, па-першае, не збіралі подпісы, па-другое, сабралі фальшывыя і, як бачна на фота, выглядаюць не менш зняважанымі і падманутымі за Паўла Вінаградава.

Менавіта гэтым людзям (а таксама тым, што чакаюць у залі) Таццяна мусіла б аб’явіць, што яна здымаецца з выбараў, бо шэф-рэдактар «Народнай Волі» падазрае, што іх кандыдат — агент КДБ.

Карацей, прычына была — не хапіла рашучасці.

У залі аператар АНТ выпраменьваў павагу да кандыдата, дэманстраваў лаяльнасць і такт.

Людзі жвава задавалі пытанні. Некаторыя адказвалі самі, замест кандыдата.

— А вам не страшна? Тут мужыку не справіцца!

— Меркель жа спраўляецца!

Смяяліся, размаўлялі. Нібыта і не было гэтых 20 гадоў. Хаця 20 гадоў таму многія былі куды маладзейшымі і галасавалі, як самі прызнаваліся, за Лукашэнку.

— А вы гарантуеце, што галасы палічаць справядліва?

— А вы ведаеце, што людзі кладуцца ў стацыянар, каб перажыць зіму!

— Як мне на 2,8 мільёны пракарміць сям’ю?

— Чым болей ад’язджаю ад беларускай мяжы, тым болей пачынаю любіць Лукашэнку.

На заднім плане ў апошнім фота бачны займальны сівы дзядзечка. Дзядзечка тры разы браў слова і кожны раз паўтараў літаральна наступнае (я запісваў):

— Мне бы ваш кругазор. Ён абшырны, хаця нейкія думкі ў мяне ўсё ж ёсць.

Лепш з разумным згубіць, чым знайсці з дурнем. Я пра што. Я пра еўрапейскі народ. Чаму нам не завезці да сябе немцаў? Чалавек па 50 на раён. У нас жа добра. Шмат азёраў… толькі прыбраць хлам, а то я быў з роварам – змарыўся. І трэба, каб немцы сябравалі з нашымі дзяўчатамі.

Што вы думаеце?

І так тры разы.

Ну і што вы думаеце наконт імпарту немцаў? На развод.

Шклоў

Радзіма дзейнага сустракала нас прыкметамі бязладдзя. Таму Шклоў я маляваў сабе як макрашабаны, якія арганічна нарадзілі знутры сябе ўсім нам на галаву.

Але ў рэчаіснасці Шклоў аказаўся мілейшым. Душэўным у сваёй дагледжанасці. Мілым у абсалютнай беларускасці. І нават няпрыкрым майму атэістычнаму сэрцу ў маляўнічай восенькай вільготнасці.

Насуперак усім магчымым падазрэнням Магілёўшчына — вельмі свая. Настолькі беларускага акцэнту ў паветры і неварожасці да мовы на вуліцах я не бачыў даўно.

Адкуль жа вы ўзяліся такі, Аляксанррыгорыч, хто б мне адказаў…

Дарэчы, мілы хлопчык у майцы «Пагоня». Калі твая мама сёння дасць табе па дупе папругі за паленне – ведай, што яна таксама чытае «Нашу Ніву».

Страшна хацелася есці. Шклоўскага мяса і агурка. Але ў адным кафэ не было кухараў, бо «ўсіх адаслалі на дажынкі».

Другое было зачынена (увага) «на абед (!)». У трэцім рыхтаваліся да «кансіліума работнікаў сельскай гаспадаркі».

Затое цяпер я ведаю, па колькі буляў на рыла разлічваецца паёк на сельскагаспадарчым кансіліуме, ну перспектывы нашай сельскай гаспадаркі становяцца больш-менш зразумелымі. Асабіста мне.

Так і не паеўшы, галодныя, але рашучыя, а пятай мы дабраліся да дома культуры, дзе, акрамя пікета, стаяў чарговы «тэлеаператар» і здымаў (па ягоных словах) «спачатку для Шклова, а пасля – для высокага начальства».

У залі як заўжды — душэўна і добразычліва.

Усе здагадваюцца, як будуць лічыць галасы, і разумеюць, што шансаў перамагчы практычна няма, але пытанні, якія задаваліся, расстроілі б Калінкіну з Мацкевічам. Людзей не цікавіла, «чаму Караткевіч легітымізуе рэжым», «Калі яна прызнаецца, што працуе на КДБ» ці «Навошта гэты цырк, калі выбараў няма». Яны пыталі: «Ці хопіць у вас мужнасці працягнуць барацьбу, калі вы не пераможаце».

Наогул, я думаю, што 2015-м годам будуць датаваныя дзве новыя вехі ў крыміналістыцы.

І назавуць іх: «доказ Калінкінай» і «метад Мацкевіча». Доказ Калінкінай будзе прымяняцца падчас следства, а метад Мацкевіча — пракурорам у судзе. Згодна з «доказам Калінкінай», мянты, збіраючыся ў кабінеце шэфа, будуць дамаўляцца, што калі падазраваны, скажам, заўтра не з'едзе за мяжу, — значыць, грошы скраў ён (і не з'язджае, бо закапаў іх недзе тут, пад дубам). А пракурор, згодна з метадам Мацкевіча, напрыканцы пасяджэння павінен прасіць выкрасліць усе паказанні сведкаў і казаць наступнае: «Усё гэта хярня — сведкі, паказанні. Усім зразумела, што падсудны вінаваты, і я пра гэта пісаў яшчэ 10 (20/30) гадоў таму».

А ў залі выступаў нейкі чалавек, які, з аднаго боку, ганарыўся, што знаёмы з Лукашэнкам. З іншага – баяўся, што той яго пазнае. З аднаго боку, казаў, што «безрасіінікуда». З іншага – казаў, што Лукашэнка страціў давер. З аднаго боку, заявіў, што «душою з вамі», з іншага – што сэнсу ў гэтым няма і Лукашэнка ўладу ніколі не аддасць. А значыць, усё бессэнсоўна.

Пра бессэнсоўнасць мужчына казаў вельмі радасна і асэнсавана, але Таццяна спытала: «Вы ж сюды прыйшлі, напэўна, не для таго, каб паскардзіцца на тое, што сэнсу няма. Вы, напэўна, прыйшлі таму, што ў вас ёсць надзея?»

Мужчына быў гатовы рашуча абараніць сваю безнадзейнасць, але зала настолькі бурна заапладзіравала Тані і мужнаму чалавеку, які прынёс іскру, каб яе тут раздзьмулі – што спадар заўсміхаўся і сеў. Страшны моц апладысментаў.

На выйсці русафобна апаганілі агурок.

Паколькі Шклоў усё ж горад беларускі, без моўнай шызафрэніі абысціся нельга ну ніяк.

Рускамоўны Купала і беларускамоўны Ленін.

І нават кансенсусны, двуххмоўны.

Магілёў

Магілеў паўсюль прыўкрасны, але не паўсюль зразумелы. Вось, напрыклад, плот на мосце незразумелы абсалютна.

На месца прыехалі амаль а сёмай. Каля школы, дзе мусіла адбыцца сустрэча, цешча агента Караткевіч перадала ёй пакецік памідораў, бо рэжым не спраўляецца з забеспячэннем агентуры свежай гароднінай.

У астатнім — узорна-паказальна з некалькімі нясмелымі і не надта агрэсіўнымі одамі Лукашэнку і тыповымі пытаннямі тыпу, «ці гарантуеце вы справядлівы падлік, ці ёсць у вас эканамічная праграма, ці будуць у нас шокавыя рэформы, як пракарміць сям’ю на 200 даляраў».

Як заўжды Таццяне падарылі кветкі, як заўжды дзякавалі, як заўжды імкнуліся сфатаграфавацца, як заўжды спачувалі яе жаночай долі.

Адметнасці ў публікі было літаральна дзве. У Магілёве першы раз прагучала пытанне пра перспектывы размяшчэння ў нас расійскай вайсковай базы.

Спаткай на такія пытанні можа адказваць бясконца.

Тут жа першы раз пацікавіліся стаўленнем кандыдата да «сітуацыі ва Украіне». Таццяна адказала не пра «сітуацыю ва Украіне», а пра тое, што «расійска-ўкраінскі канфлікт» — гэта знак для нас. Знак таго, што калі дзяржава слабее, то яна трапляе пад пагрозу ўварвання знешніх сілаў, і калі мы гэтага не хочам для сябе, то нам трэба быць моцнымі, і каб бараніць сваю краіну, і для таго, каб мець магчымасць дапамагчы суседу, які трапіў у бяду.

Людзі неахвотна разыходзіліся. Але не ўсе. Нехта думаў думу.

Вярталіся а дзясятай. Стомленыя і задаволеныя.

Спыніліся на пустыры за запраўкай ў невялікім кафэ, што гатуе «на вынас». Пакуль чакалі сваёй замовы, туды пачалі адзін за адным забягаць людзі.

Спачатку прыбегла гаспадыня. Сказала, што рада пазнаёміцца са сваім кандыдатам і што усёй сям’ей будзе галасаваць за Таню.

Пасля з крыкам «цёця Таня, ці можна з вамі сфатаграфавацца?» забеглі хлопчыкі, якія побач тарахцелі сваім матацыклам.

Пасля прыйшла дзяўчынка, якая доўга саромелася, але такі наважылася.

Пасля прыбеглі дзве жанчыны, якія назваліся бізнэсвуман. Абедзьве былі рады пазнаёміцца і казалі, што галасаваць збіраліся толькі за Таню.

І вось тут звярніце ўвагу на нюанс. Яны, па іх словах, не любяць Лукашэнку. Іх прэзідэнт – Пуцін, бо Пуцін (уявіце сабе) забяспечыў стабільнасць. Да-да. Але яны (бізнэсвуман) прагаласуюць за Таню.

Дык вось. Раней сітуацыя была такой: калі ты – за Беларусь, то галасуеш за: Статкевіча, Някляева, Саннікава, Рымашэўскага, Міхалевіча, Мілінкевіча, Казуліна і г.д. і г.п.

Калі ты за Русь, за Пуцена, за скрэпы, за СССР, за камунізм, за «уласць», то галасуеш за Лукашэнку.

Але час мяняецца. Лукашэнка ж падманваў,разумееце, не ўсіх. А толькі тых, хто галасаваў супраць яго. Тым, хто і так галасаваў за ППРБ — як можна было даказаць, што ўлада мае схільнасць да фальсіфікацыі волевыяўлення грамадзянаў?

І вось, як мы бачым, «жалезны» электарат драбіцца і драбнее, і таму Аляксандар Рыгоравіч пачне падманваць новую порцыю людзей. Дык ці не варта яму «дапамагчы» паказаць сваім былым адэптам сапраўдны э-эм… твар?

За каго б прагаласавалі гэтыя «пуцінскія» жыхары Беларусі, калі б Таццяна знялася? За Улаховіча?

І вось я падумаў, што кандыдат Караткевіч, падобна да кансенсуснага куды болей за папярэдніх. Ці не гэтага ўсе хацелі? А раз так – чаму ж вы зараз крывіцеся, беззаганныя мае? Рафінаваныя мае?

Што тычыць самой Тані, якая, натуральна, не вяла сярод сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў у кафэ антыпуцінскай агітацыі, то праз некалькі хвілін мы стаялі з ёй на вуліцы і проста размаўлялі пра рускасць у нашых гарадах і мястэчках.

— Брэст, — сказала яна. — Божа, колькі там на святы машын з рускімі нумарамі… і яны едуць туды, разумееш. Натоўпамі. Яны бачаць гэты горад як СВОЙ рубеж, разумееш?

Канешне, Таня, я цябе разумею. Я усе разумею, і што ты думаеш, і як табе прыходзіцца сябе паводзіць.

А вы разумееце?

З апошніх радасных успамінаў таго дня – неверагодны і непаўторны сабака Мяцеліцы.

Прыехаўшы ў Менск а палове на першую, зайшоў да сябра падзяліцца ўражаннямі, але, сеўшы ў фатэль, праз паўгадзіны перастаў рэагаваць на ягоныя прапановы выпіць і заснуў крэпкім сном каменяцёса, з жахам думаючы пра тое, што Таццяна ад заўтра выязджае ў заходнюю Беларусь і будзе дома толькі праз трое сутак. А мяне ледзь хапіла на адны. А яшчэ узгадваючы, як ужо ля самага Менска Таня атрымала СМС ад прыхільніка: «Я упэўнены ў Вашай перамозе. Мне 42 гады, настаунiк гiсторыi з Вiцебска. Калi ласка, як станеце прэзідэнтам, то прызначце мяне на нейкую пасаду ў Вiцебску, дзе я мог бы збеларушваць насельнiцтва, бо ў нас, на вялiкi жаль, вельмi маскальскi горад. Магу быць губернатарам, мэрам, рэктарам медыцынскага ўнiверсiтэта, загадчыкам абласной бiблiятэкi цi архiва. Магу -значалiць КДБ альбо што пажадаеце. Я зараз беспрацоўны. Жадаю перамогi!!!!!!!!!!!!»

О, колькі яшчэ расчараванняў і няспраўджаных надзеяў будзе наматана на кардан машыны, якая прывязе нас у дэмакратыю…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?