Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Баранавічах 2 кастрычніка вынесла прыгавор 51-гадоваму непрацоўнаму жыхару вёскі Шчарбовічы за забойства з асаблівай жорсткасцю. 

Як паведаміў Баранавіцкі міжраённы пракурор Данііл Дзярабін, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, 12 чэрвеня ў доме па месцы жыхарства мужчына ў стане алкагольнага ап'янення падчас сваркі са сваёй 51-гадовай сужыцелькай прычыніў той не менш за 156 цялесных пашкоджанняў, у тым ліку пералом правай вялікагалёначнай косці. Ён біў жанчыну рукамі і драўлянымі палкамі па розных частках цела. Ад траўматычнага шоку, які развіўся ад спалучанай тупой траўмы галавы, тулава і канечнасцяў, яна памерла на месцы. 

Як устаноўлена следствам, абвінавачаны збіваў сваю ахвяру на працягу дня. Пасля гэтага лёг спаць, а калі раніцай 13 чэрвеня ўбачыў, што сужыцелька мёртвая, пайшоў да суседзяў і заявіў, што яе забадаў казёл. 

У гэты ж дзень вяскоўца затрымалі паводле падазрэння ў забойстве. 

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця чалавека, учыненым з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК), і прыгаварыла да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Падчас судовага следства было ўстаноўлена, што абвінавачаны і раней збіваў жанчыну, але яна не звярталася ў міліцыю. 

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Раней мужчына судзімы не быў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?