Ватыкан звольніў святара-гея пасля яго інтэрв'ю, апублікаванага ў італьянскай і польскай прэсе. Польскі святар Кшыштаф Харамса прызнаў, што знаходзіцца ў любоўнай сувязі са сваім сябрам. Польская Gazeta Wyborcza цытуе словы святара: «Я мушу сказаць, хто я. Я — святар-гей і я шчаслівы і ганаруся гэтым».

Прадстаўнік Ватыкана Федэрыка Ламбардзі зрабіў адмысловую заяву, у якой, у прыватнасці, гаворыцца, што ўчынак святара напярэдадні правядзення асамблеі Сінода біскупаў «выглядае безадказным». Ламбардзі лічыць, што «камінг-аўт» польскага святара выклікае вакол асамблеі залішнюю ўвага прэсы і не будзе садзейнічаць абмеркаванню праблем сям'і і шлюбу, абортаў і святароў-геяў — асноўных пытанняў, якія стаяць на парадку дня форуму.

Харамса, выхадзец з Польшчы, які апошнія гады жыве ў Рыме і працаваў да звальнення ў Кангрэгацыі дактрыны веры, сказаў журналістам, што яго акцыя не звязаная з асамблеяй біскупаў. Ён выказаў надзею, што царкоўныя іерархі пачуюць «голас хрысціяніна», яго ўчынак «глыбока асабісты» і стаў вынікам «цяжкага і рызыкоўнага рашэння, улічваючы гамафобную атмасферу ў каталіцкай царкве».

Паводле дактрыны касцёла, гомасэксуальныя пачуцці — не грэх, калі чалавек трымае іх у сабе. Але гомасэксуальныя акты — грэх.

Што да звальнення, то і святара, які б прызнаўся, што жыве з жанчынай, таксама звольнілі б. У касцёле ксяндзы даюць клятву цэлібату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0