У холе Ліцэя БДУ, дзе ў філалагічным класе вучылася 15-гадовая Даша, стаіць яе партрэт і кветкі.

Нагадаем, што дзяўчынка скочыла з 12 паверха шматпавярховіка ў сталічным раёне Уручча, калі ў яе навучальнай установе праходзіла мерапрыемства, прымеркаванае да Дня настаўніка.

Перад смерцю Даша змясціла ў сацсетках відэазварот і напісала «Укантакце»: «Кідайце мне што-небудзь на сцяну жалобнае».

Трагедыя ўсіх агаломшыла. Магчыма, ліцэйскім педагогам не хапіла лічаных дзён, каб утрымаць Дашу ад такога ўчынку.

«У ліцэі яна адвучылася ўсяго месяц. Дзяўчынка была разумная, але закрывалася ад іншых, адасаблялася, дрэнна ішла на кантакт. Псіхолагі гэтым занепакоіліся, звярнулі ўвагу. У панядзелак пятага кастрычніка дзяўчынка павінна была сустрэцца з адпаведным спецыялістам…», — распавядае Еўрарадыё крыніца з Ліцэя БДУ.

У навучальнай установе ведаюць некаторыя акалічнасці, якія дазваляюць лепш зразумець дзіўную перадсмяротную запіску, якую склала Даша. У прыватнасці, у допісе сказана «Калi Вы не ўпэўненыя, што можаце даць дзiцяці адэкватныя ўмовы жыцця, то зрабiце аборт».

«Бацька Дар’ю не выхоўваў. Яе маці — урач-анколаг і шмат працуе, — працягвае крыніца. — Дзяўчынка выхоўвалася ў вялікай ступені бабуляй і дзядулем. Прытым, дзядуля сам нібыта мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Высветлілася, што праблемы былі ў Дашы яшчэ ў папярэдняй школе. У перадсмяротнай запісцы сказана пра пачуцці. Хутчэй за ўсё, гэта адрасавана сяброўцы М.».

У сацыяльных сетках знаёмыя і сябры загінулай дзяўчынкі пішуць спачуванні і эмацыйна выказваюць неразуменне таго, што здарылася. Хоць знайшліся і такія падлеткі, якія сцвярджаюць, што і раней у Дашы была спроба пайсці з жыцця.

«Аднаго разу яе ўжо спыніў мой сябар. У гэты раз яна проста не напісала яму. Учора яна была вясёлая, але мне здавалася, што ёй дрэнна. Яна напісала мне «бывай». Я не зразумела спачатку. Я была ў шоку. Пачала пісаць сябру, ён званіў ёй, але яна тэлефон адключыла…» — піша ў каментарах у сацыяльных сетках расіянка Ганна П., якая ведала Дар’ю па летнім лагеры.

Дарэчы, на старонках сяброў загінулай дзяўчынкі ў сацсетках шмат паэтычных развагаў пра суіцыды.

Сама Дар’я, мяркуючы па фота, жыла ў добрых бытавых умовах і не аднойчы адпачывала за мяжой. Тым не менш, ад бяды гэта не ўратавала.

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску праводзіць праверку па факце смерці дзяўчынкі.

«Следчымі ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне ўсіх абставінаў таго, што адбылося, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі трагедыі. Усталёўваецца круг зносін дзяўчынкі, у тым ліку, у сацыяльных сетках, вывучаюцца асаблівасці яе асобы. Праводзяцца неабходныя экспертныя даследаванні», — каментуюць у СК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?