З’явіліся першыя рэакцыі на ліст, што польскія беларусы накіравалі прэм’ер‑міністру Дональду Туску наконт інцыдэнту падчас фестывалю «Беларуская Песня‑2008» у Беластоку.

Прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі выказаў шкадаванне з прычыны інцыдэнта. Пра гэта паведаміў Патрык Газдэцкі з прэсавага бюро прэзідэнта гораду:

‑ Спадар прэзідэнт выказвае шкадаванне, што такі інцыдэнт меў месца, выказвае таксама спадзяванне, што такія інцыдэнты не будуць паўтарацца ў будучыні. Прэзідэнт лічыць, што ўсякія нацыянальныя сімвалы павінны злучаць людзей, а не дзяліць іх.

Раней шкадаванне з прычыны інцыдэнта выказаў і падляшскі ваявода Мацей Жыўно. Вось што сказала прэсавы сакратар ваяводы Ёлянта Гадэк:

‑ Ваявода азнаёміўся са зместам ліста і выказвае шкадаванні з прычыны інцыдэнта. Зараз чакаем рэакцыі ўраду, паколькі ліст быў накіраваны прэм’ер‑міністру Дональду Туску.

Нагадаем, што тры беларускія арганізацыя ў Польшчы: Беларускі Саюз, Беларускае Гістарычнае Таварыства і Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў напісалі ліст Дональду Туску, у якім звяртаюць увагу польскага прэм’ер‑міністра на скандальны выпадак, які адбыўся падчас «Беларускай Песні‑2008» у Беластоку, калі ахова груба выкінула з залы студэнтаў‑каліноўцаў, якія разгарнулі ля сцэны бел‑чырвона‑белы сцяг. Вядома, што ліст трапіў ужо ў канцылярыю прэм’ер‑міністра і ў канцылярыю маршалка сойму Польшчы.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0