З 18 па 20 ліпеня ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці адбудзецца I сустрэча каталіцкай моладзі з удзелам каля чатырох тысяч юнакоў і дзяўчат з усіх дыяцэзій краіны. Аб гэтым 13 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле яго слоў, сустрэча моладзі ў Івянцы, дзе на працягу многіх гадоў дзейнічае летняя школа рэлігійнага песнапення, мае духоўнае значэнне і прымеркавана да XXI Сусветнага дня моладзі, які будзе адзначацца ў Сіднэі (Аўстралія). «На такіх святах, вельмі папулярных сярод юнакоў і дзяўчат, яны перажываюць пачуццё духоўнага адзінства», — зазначыў арцыбіскуп.

Паводле яго слоў, праграма сустрэчы ў Івянцы ўключае паломніцтва, малітвы, тэлемост з Сіднэем і вывучэнне Катэхізіса. «На сустрэчы запланаваны розныя культурныя мерапрыемствы, у тым ліку канцэрты рэлігійнай і беларускай музыкі з удзелам юнакоў і дзяўчат у нацыянальных уборах, а таксама святочная нядзельная імша», — сказаў мітрапаліт.

Апрача таго, зазначыў Т.Кандрусевіч, у праграму сустрэчы ўключана тэма паклікання да свяшчэнства і манаскага жыцця.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0