У групу сацыяльнай сеткі «Укантакце» «Антымайдан Беларусь» звярнуўся кіроўца маршруткі «Брэст – Пелішча» Андрэй Цімашэўскі. Ён апісаў сітуацыю, што ў ягоным мікрааўтобусе на лабавым шкле размешчаны сцяг «Наваросіі».

Пасля таго, як «НН» патэлефанавала дырэктару слова «ўрод» знікла, але яно лёгка шукаецца пры дапамозе google.

«Адзін урод-змагар напісаў скаргу дырэктару аўтавакзала, дырэктар маёй фірмы павінен даць адказ гэтаму ўроду цягам 10 дзён. Мяне паставілі перад выбарам: ці зняць сцяг, ці патрэбны юрыдычна абгрунтаваны адказ, бо з ім змагар пазней можа звярнуцца ў суд», — напісаў Андрэй Цімашэўскі.

Дырэктар Брэсцкага аўтавакзала Мікалай Радзюк пацвердзіў, што такая скарга сапраўды была. Яны перанакіравалі яе да прыватнага перавозчыка «ЮВКом», на якога працуе згаданы вадзіцель.

Дырэктар «ЮВКома» Юрый Кушнярук таксама прызнаў, што такая скарга існуе і ёсць такі вадзіцель Андрэй Цімашэўскі.

«Не бачу ніякіх праблем. Гэты ж сцяг амаль цалкам ідэнтычны Андрэеўскаму, — адразу сказаў дырэктар. – Але я сказаў, каб зняў, калі людзям не падабаецца».

Беларусь не прызнае легітымнымі ўтварэнні на ўсходзе Украіны, Лукашэнка займае ў гэтым пытанні жорсткую пазіцыю, а як ставіцеся вы, спыталіся мы ў спадара Кушнерука. «Здымем, якія пытанні», — адказаў ён.

На ўдакладненне, як начальнік ставіцца да таго, што ягоныя супрацоўнікі называюць пасажыраў «уродамі», быў наступны адказ: «Я яшчэ гэтага не бачыў, будзем разбірацца».

Скаргу пакінуў жыхар Брэста Ігар Міхайлаў. «Улічваючы важнасць падтрымкі добрасуседскіх адносін між Беларуссю і Украінай, патрабую прыняць меры па выдаленню сцяга «Наваросіі» з указанага аўто, у адносінах да кіроўцы прымяніць меры дысцыплінарнага парадку», — напісаў Міхайлаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?