07.10.2015 / 15:42

У Мінску прапала 230 тысяч выбарцаў, у Фрунзенскім раёне ў спісы выбарцаў трапілі толькі 52,4% жыхароў 31

Адна з апошніх інтрыг сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі – яўка выбарцаў. Якія лічбы будуць запісаныя ў выніковыя пратаколы?

Паводле афіцыйных дадзеных, у парламенцкія выбары 2012 года ў Мінску атрымалі бюлетэні 59,2% выбарцаў. Пры гэтым назіральнікі адзначалі, што рэальныя лічбы нашмат ніжэйшыя.

Прэзідэнцкія выбары выклікаюць большы інтарэс, чым парламенцкія і мясцовыя. Аднак частка апазіцыі заклікае да байкоту, і пры агульнай апатыі грамадства ўчасткі могуць быць паўпустымі, асабліва ў Мінску.

Улада не хавае сваю насцярогу з гэтай нагоды. «Мяне хвалюе больш за ўсё нават не вынік выбараў, а ці прыйдзе выбаршчык. Гэта з’яўляецца самым галоўным. Тое, што працаваць над яўкай трэба, гэта абавязкова», — прызнаецца старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Лічба яўкі — гэта суадносіны тых, хто атрымаў выбарчыя бюлетэні, і тых, хто ўнесены ў спісы для галасавання. Узняць яе можна двума спосабамі. Па-першае, заахвочваць грамадзянаў прыйсці на ўчасткі. Гэтым дзяржаўныя СМІ займаюцца штодня. Клічуць галасаваць і ўсе канкурэнты Лукашэнкі.

Але ёсць і іншы просты спосаб – занізіць колькасць выбарцаў у спісах. Простая матэматыка: калі, напрыклад, прагаласуе 4 з 8 мільёнаў чалавек, яўка складзе 50%. Але калі заявіць, што прагаласавала 4 з 6 мільёнаў, то яўка дасягне 67%.

Год за годам насельніцтва Мінска прырастае. Паводле звестак Белстата, на пачатак 2015 года ў сталіцы пражывала 1,94 мільёна чалавек. У параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі лічба вырасла на 95 тысяч. Аднак пры гэтым колькасць выбарцаў… зменшылася амаль на 20 тысяч чалавек.

Разбярэмся, хто мае права галасаваць на выбарах прэзідэнта. Паводле Выбарчага кодэкса, гэта грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў. Не бяруць удзел недзеяздольныя грамадзяне; тыя, хто ўтрымліваецца ў месцах пазбаўлення волі і пад вартай.

Пачынаем лічыць тых, хто не можа галасаваць. Галоўная група – непаўналетнія. Іх у Мінску пражывае 340 тысяч. Апроч іх, на ўліку у пашпартных сталах стаіць крыху менш за 50 тысяч замежных грамадзян.

У цэлым па краіне пад вартай знаходзіцца каля 30 тысяч чалавек. Колькасць хворых на шызафрэнію і тых, хто мае разумовую адсталасць, не перавышае 50 тысяч чалавек (прытым далёка не ўсе яны пазбаўленыя выбарчага права).

Статыстыка асуджаных і недзеяздольных непасрэдна па сталіцы адсутнічае. Але 1/5 ад іх колькасці (прыблізная доля Мінска) складае ўсяго 16 тысяч чалавек.

Такім чынам, у спісах выбарцаў па Мінску павінна быць каля 1,53 мільёна чалавек. У Цэнтрвыбаркама лічбы іншыя. Тэрытарыяльныя камісіі налічылі 1,3 мільёна выбарцаў. Куды прапала 230 тысяч чалавек?

Анамальнасць лічбаў лепш за ўсё адсочваць па Фрунзенскім раёне. У астатніх раёнах у спісы выбарцаў занесена 69–73% жыхароў (выключэнне — Кастрычніцкі раён з 79%).

А вось у Фрунзенскім — толькі 52,4%. Няўжо кожны другі там — непаўналетні, замежнік ці сядзіць у калоніі? Тамтэйшыя мікрараёны досыць актыўна забудоўваюцца, але ж не пераязджаюць у новабудоўлі дзеці без бацькоў!

У параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі насельніцтва Фрунзенскага раёна павялічылася на 75 тысяч чалавек, пры гэтым дадалося толькі 8 тысяч новых выбарцаў.

Фрунзенскую раённую камісію ўзначальвае Зінаіда Жаголкіна. На гэтай пасадзе яна кіруе выбарчым працэсам ажно з пачатку 2000-х. Намесніца дырэктара кампаніі па рамонце абутку нават атрымала ўказам Аляксандра Лукашэнкі медаль за «ўзорнае выкананне службовых абавязкаў».

Жаголкіна тлумачыць, што спісы выбарцаў узгадняліся з міліцыяй. Таму, маўляў, гэта дакладныя звесткі.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік не гатовы каментаваць лічбы канкрэтнай выбарчай акругі. Але якая доля насельніцтва, з ягонага досведу, звычайна мае выбарчае права?

«Давайце разважаць лагічна. У Беларусі жыве каля 10 мільёнаў чалавек [паводле Белстата — 9,4 мільёна]. Выбарцаў — 7 мільёнаў чалавек. Значыцца, выбарцаў у сярэднім каля 70%», — праводзіць простыя разлікі Лазавік.

Чым жа патлумачыць неймаверныя лічбы ў Фрунзенскім раёне? Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч нагадвае, што менавіта на тэрыторыі гэтага раёна на папярэдніх парламенцкіх выбарах апазіцыя ладзіла кампанію актыўнага байкоту.

Тады, паводле афіцыйных дадзеных, у дзень галасавання на ўчасткі пратэстнай «Акругі-101» прыйшло толькі 36% зарэгістраваных выбарцаў. Сітуацыю нібыта ўдалося выправіць за кошт лічбаў датэрміновага галасавання — 20% і хатняга галасавання (1,5%; роўна (!) 1000 чалавек). Пры гэтым назіральнікі фіксавалі значнае адрозненне паміж афіцыйнымі лічбамі і рэальнай колькасцю выдадзеных бюлетэняў. «Антыбайкотныя» спісы выбарцаў маглі перайсці і на прэзідэнцкія выбары.

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
ЯрмонашыіНА / Адказаць
07.10.2015 / 10:46
Не хвалюйцеся: у дзень падлікаў яны ўсплывуць.
0
viKniK / Адказаць
07.10.2015 / 11:00
У 19:55 прыду на ўчастак, пераканаюся, што я ёсць у спісках і ніхто за мяне не распісаўся, заадно пабачу адсотак прагаласаваўшых на той старонцы, якую мне пакажуць. Бюлетэнь браць не буду, развярнусь і сыду з участка.
0
А / Адказаць
07.10.2015 / 11:33
а если я приду на участок в последний день перед закрытием и моего листа не будет, куда писать замечание?
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру