Сярэднестатыстычны беларускі медык атрымаў у жніўні на рукі менш за $300. Аднак не ўсе работнікі сферы аховы здароўя перабіваюцца ад заробку да заробку. У лесе за Нацыянальнай бібліятэкай міністр Васіль Жарко дабудоўвае вялізны катэдж. Ад цікаўных гасцей будоўля адгароджаная плотам з калючым дротам.

«Тапас» — новы лідар рынку

За апошнія гады сталічны будаўнічы рынак істотна змяніўся. Па-першае, значна зменшылася колькасць новабудоўляў. У гэтым вінаваты і крызіс, і жыллёвая палітыка ўладаў, якія ўсё ж прыйшлі да высновы, што Мінск не гумовы.

Па-другое, дзяржава фактычна «вымыла» з рынку дробных прыватнікаў, якія не мелі ўласных будаўнічых магутнасцей. Тыя наймалі для працаў дзяржаўныя будаўнічыя трэсты, пакідаючы сабе прыбытак. На плыву засталіся адзінкавыя гульцы, гаспадары якіх змаглі адстаяць свой статус. У лідары рынку выбілася група кампаній «Тапас».

Сакрэт яе поспеху звязваюць з асобай 35-гадовага Паўла Белага (№79 у рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсменаў за 2013 год). Яго называлі намеснікам дырэктара будаўнічага холдынга.

Павел Белы.

Павел Белы.

Калісьці Белы быў перспектыўным хакеістам, аднак быў вымушаны скончыць кар’еру праз траўму спіны. Цяпер ён — найлепшы нападаючы прэзідэнцкай хакейнай каманды. А ягоны «Тапас» сярод лідараў па колькасці выдзеленых участкаў пад будаўніцтва.

Кватэры для блізкага кола

«Тапас» у адзіночку забудоўвае раён за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са Сляпянскай воднай сістэмай. Па прэстыжнасці саступае толькі Драздам, дзе жывуць чыноўнікі і іншыя асобы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі.

Тут «Тапас» узводзіць малапавярховыя жылыя комплексы — у кожным доме «Аквамарына» і «Парк-Сіці» па 10—20 апартаментаў плошчай каля 150 м2.

Большасць кватэр раскупілі спартсмены (напрыклад, былыя і цяперашнія зоркі БАТЭ Аляксандр Глеб, Ягор Філіпенка і Сяргей Крывец) і непублічныя бізнэсмены, аднак сярод гаспадароў ёсць і іншыя знакавыя персоны.

Напрыклад, тут пасялілася асабістая доктарка Лукашэнкі Святлана Канашэнка, а таксама сям’я былога кіраўніка прэзідэнцкай аховы Андрэя Уцюрына. Іх кватэры каштуюць каля $500 тысяч. Цікава, што некалькі апартаментаў значацца за Кіраўніцтвам справаў прэзідэнта.

Святлана Канашэнка — трэцяя справа.

Святлана Канашэнка — трэцяя справа.

Андрэй Уцюрын.

Андрэй Уцюрын.

Катэджы за мільён

«Тапас» спецыялізаваўся на будаўніцтве кватэр, але цяпер узяўся яшчэ і за катэджы. У лесе за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са сваім жа «Парк-Сіці», былі арандаваныя 2,5 гектара зямлі. Паводле праекта, тут мусяць паўстаць 14 катэджаў.

«Тапас» будуе дамы, падводзіць у іх святло, ваду і газ, а таксама выконвае чарнавую аддзелку. Катэджы каштуюць ад $640 тысяч да $1,2 мільёна ў залежнасці ад плошчы (яна вагаецца ад 440 да 790 квадратных метраў). Зямля пад імі перадаецца купцам у арэнду на стагоддзе.

Для «Тапаса» гэта надзвычай выгадны праект. Паводле дамовы з Мінгарвыканкам, за арэнду зямлі даводзіцца плаціць фіксаваныя мізэрныя грошы — каля 5 мільёнаў рублёў на месяц за ўсю тэрыторыю з участкамі.

Спецыяльны дазвол Жарко

На дадзены момант на продаж выстаўленыя пяць катэджаў. Ці былі прададзеныя астатнія дамы і хто стаў іх гаспадарамі, пакуль невядома.

Аднак «Наша Ніва» знайшла дзіўны дакумент, датычны аднаго з участкаў у катэджным пасёлку. Яшчэ ў лістападзе 2010 Мінгарвыканкам прыняў рашэнне №2626/1, паводле якога 15 сотак выдзялялася міністру аховы здароўя Васілю Жарко ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну. Тэрытарыяльна ягоны надзел знаходзіцца ўнутры катэджнага пасёлка «Тапаса», але на паперах выведзены за ягоныя межы.

Дом Васіля Жарко.

Дом Васіля Жарко.

Ці меў Васіль Жарко патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў? За год да выдзялення ўчастка сям’я чыноўніка набыла трохпакаёвую кватэру ў новым доме па вуліцы Піянерскай у Драздах. Яе рынкавы кошт складае каля $500 тысяч. Плошча той кватэры — больш за 120 м2. Па тагачасных нарматывах гэтага б хапіла, каб забяспечыць жыллём мінімум васьмярых чалавек.

Дом на Піянерскай.

Дом на Піянерскай.

Паводле біяграфіі, у сям’і Жарко жонка, дачка (з мужам) і двое ўнукаў. Аднак нават калі міністру і не хапала б метраў, атрымліваць участак ён не мусіў. Па агульным правіле зямля ў Мінску без правядзення аўкцыёнаў выдзяляецца толькі шматдзетным сем’ям.

Вялікі дом для міністра

У пасёлку «Тапаса» спраектаваныя чатыры меншыя катэджы і дзесяць вялікіх. Жарко будуе якраз-такі вялікі. Кошт такога дома — $1,03 мільёна. Невядома, колькі плаціў за яго штосьці міністр.

Убачыць элітную будоўлю зблізку складана. Заезд у катэджны пасёлак кантралюе ахова «Тапаса». Па бакавым перыметры будоўля мяжуе з іншымі катэджамі, вакол якіх узведзены высокі плот. Таму адзіная магчымасць падысці да дома Жарко — з лесу. Раней тут была вузкая дарога да дачы кіраўніка Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы. Цяпер лес высякаюць, каб пашырыць дарогу.

З задняга боку катэджа Жарко яшчэ няма суцэльнага плоту, затое над агароджай нацягнуты калючы дрот.

У інтэрнэце апублікаваны тыпавы праект такога ж дома, які будзе і ў міністра. Адзіная розніца ў тым, што Жарко, магчыма, застанецца без басейна.

Катэдж двухпавярховы, але не кампактна-квадратны, а выцягнуты. Ягоная агульная плошча перавышае 640 м2.

На першым паверсе будзе вялікая зала-гасцёўня, да якой прымыкаюць кухня і камінная. Агулам гэта амаль 100 м2. З каміннай можна перайсці ў кіназалу і ў трэнажорку. Непадалёку спраектаваны і рабочы кабінет. А вось пакой для «абслугі» маленькі — усяго 6 м2.

На другім паверсе можна знайсці дзве спальні і два дзіцячыя пакоі (у кожным свой санвузел і свая гардэробная).

Дом Жарко ўжо дабудоўваецца. Выглядае, што засталося кончыць фінальнае адштукаванне.

***

На цырымоніі ўзнагароджання конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» — міністр са спявачкай Аляксандрай Гайдук.

На цырымоніі ўзнагароджання конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» — міністр са спявачкай Аляксандрай Гайдук.

Васіль Жарко

Нарадзіўся ў 1956 у в. Леснікі Драгічынскага раёна. Скончыў Юрацішкаўскую медыцынскую вучэльню (1975), Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1984) і Акадэмію кіравання (2008).

Працаваў памочнікам санітарнага доктара ў Івацэвічах (1977), педыятрам Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы (1984— 1985), загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы (1985—1991), доктарам-інспектарам, намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама (1991—2002), намеснікам галоўнага доктара дзіцячай абласной бальніцы (2002—2003), дырэктарам санаторыя «Крыніца» (2003), генеральным дырэктарам «Белпрафсаюзкурорта» (2003—2005), в.а. генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (2005—2006).

З 2006 — міністр аховы здароўя. Жанаты, мае дачку.

* * *

Чытайце таксама:

Па слядах Пастаялкі. Як Васіль Жарко зрабіў кар’еру міністра аховы здароўя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?