Выкладчык Гомельскага політэхнічнага каледжа прывяла галасаваць дзве групы навучэнцаў. Назіральнік ад АГП Аляксандр Герд стаў сведкам, як майстар вытворчага навучання Гомельскага політэхнічнага каледжа Ала Шпадарук прывяла галасаваць дзве групы навучэнцаў сярэдне-спецыяльнай установы.

Варта заўважыць, што ўчастак для галасавання № 12 Цэнтральнага раёна Гомеля размешчаны ў будынку ГКЦ - грамадска-культурнага цэнтра. Узначальвае ўчастковую камісію дырэктар політэхнічнага каледжа Аляксандр Савіцкі.

«У 11:25 на ўчастак прыйшла жанчына, якая бадзёра адрапартавала членам участковай камісіі, што прывяла галасаваць навучэнцаў каледжа, дзве групы — Ф-31СК і ЭО-31СК. Сама жанчына, як аказалася, майстар вытворчага навучання каледжа, выбаршчыкам на дадзеным участку не з'яўляецца. Арганізавана прыводзіць галасаваць навучэнцаў - гэта прамое парушэнне заканадаўства», - пракаментаваў сітуацыю Аляксандр Герд.

Паводле яго звестак, на гэтым участку № 12 на 13:30 6 кастрычніка ўжо прагаласавалі 126 чалавек, у асноўным гэта навучэнцы каледжа. Сярод тых, хто прагаласаваў, былі толькі 5-7 пенсіянераў. Усяго на ўчастку больш за 1900 выбаршчыкаў. На іншых участках - больш сціплыя лічбы прагаласаваўшых датэрмінова.

Так, на ўчастку № 10 Цэнтральнага раёна назірае Аляксандр Шарыпа, каардынатар кампаніі «Права выбару». Паводле яго слоў, з 10.00 да 13.00 прагаласавалі на ўчастку 19 чалавек, у асноўным пенсіянеры. Участак №10, размешчаны ў будынку школы №24 адметны тым, што тут ўстаноўлена празрыстая скрыня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?