Вясной прэзідэнтам Беларусі быў прыняты так званы «дэкрэт аб дармаедах»: маўляў, не хочаш працаваць на карысць роднай краіны – заплаці 20 базавых у бюджэт. Аднак аматары зарабіць на беларускіх дармаедах знайшліся і ў Расіі.

У інтэрнэце пачаў працу сайт, які займаецца гандлем фэйкавых даведак, якія сведчаць, што чалавек пэўны час адпрацаваў у расійскай кампаніі. А гэта вызваляе яго ад выплаты збору «за дармаедства».

«Для пацверджання таго, што грамадзянін больш за паўгода знаходзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь, сёння нацыянальныя падатковыя органы патрабуюць прадстаўлення любога пісьмовага доказу, у тым ліку, і даведкі з месца працы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у якой будзе пацверджана яго працоўная дзейнасць за межамі краіны ў перыяд больш за паўгода, — паведамляюць вытворцы «даведак». — Мы прапануем вам набыць дадзеную даведку ў нашай кампаніі (кошт 2000 расійскіх рублёў з улікам дастаўкі паштовым адпраўленнем у любы населены пункт Рэспублікі Беларусь). Дакумент, які змяшчае пячатку арганізацыі, дапаможа вам пацвердзіць ў рэгіянальным прадстаўніцтве падатковай службы факт вашай працоўнай дзейнасці за мяжой у той ці іншы перыяд часу і пазбегнуць выплаты абавязковага збору ў памеры 20 базавых велічынь.

Больш за тое, на «даведцы для дармаедаў», якую вы атрымаеце ад нас, будзе пазначаны кантактны маскоўскі тэлефонны нумар і электронны адрас нашай кампаніі ў Расіі. Калі ваш рэгіянальны падатковы інспектар захоча атрымаць пацверджанне вашай працоўнай дзейнасці ў кампаніі па дадзеных кантактах, яму будзе накіравана пацвярджэнне».

Пры гэтым будучым уладальнікам «даведак» нават прапануецца пазначыць блізкія ім сферы дзейнасці.

Дарэчы, 2000 расійскіх рублёў — прыкладна 550.000 беларускіх — гэта сапраўды менш, чым прыйдзецца заплаціць у беларускі бюджэт беспрацоўнаму «дармаеду». Збор на сёння складае 3,6 мільёна беларускіх рублёў.

Звязацца з тымі, хто гандлюе даведкамі, проста — дастаткова пазваніць па тэлефоне, які пазначаны на сайце.

«У нас афіцыйная фірма, таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца паралельна іншымі праектамі. Даведка робіцца цягам дня. Але «Пошта Расіі» дастаўляе іх ў Беларусь у тэрмін ад 14 да 21 дня. Калі трэба хутчэй, прыйдзецца даплаціць, — тлумачыць малады чалавек, які ўзяў слухаўку. — Усе кампаніі і фірмы, якія пазначаюцца ў даведках рэальныя. Паліцыі мы не баімся, праблемаў з законам і пытанняў не ўзнікала і не ўзнікне. Нашы падатковыя інспектары ўпэўніваюць, што Беларусь і Расія абменьваюцца базамі, але па факце ніфіга так не адбываецца. Там ніхто нават не правярае гэтыя дадзеныя».

Прычым, дакладна невядома, якая адказнасць пагражае «дармаеду з даведкай».

Калі высветліцца, што тая даведка несапраўдная, ён павінен будзе заплаціць збор, паведаміў Сяргей Шкут, начальнік аддзела інфармацыйна-тлумачальнай працы Міністэрства па падатках и зборах. Ці будуць перададзеныя у МУС звесткі аб грамадзяніне, які прынёс такую даведку, Шкут канкрэтна не сказаў.

«Зразумейце, я не магу раскрываць усе дэталі і нюансы нашай працы. Але без увагі падобны выпадак не застанецца», — паведаміў Сяргей Шкут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?